Пра блякаваньне сайту ў Беларусі 2 жніўня паведаміла рэдакцыя мэдыя Plan B. («Плян Б») у сацыяльных сетках.
Plan B. быў заблякаваны ў Беларусі паводле рашэньня Міністэрства інфармацыі Беларусі.
«Пакуль сайт не адчыняецца толькі ў сетцы МТС, але астатнія правайдэры сапраўды хутка падцягнуцца — беларуская бюракратыя можа і павольная, але вельмі мэтанакіраваная», — адзначаюць у рэдакцыі.
Мэдыя пад назвай «Плян Б» запусьціла былая рэдактарка Tut.by Вольга Лойка ў сярэдзіне чэрвеня. У ім публікуюцца артыкулы пра палітыку, эканоміку і сэнс жыцьця беларусаў па абодва бакі дзяржаўнай мяжы.
На мінулым тыдні Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла сайт і сацсеткі праекту Plan B. разам зь лягатыпам выданьня ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
За час пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі заблякавалі сайты практычна ўсіх незалежных мэдыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыя «Плян Б», якое існуе каля месяца, унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»- Вольгу Лойку затрымалі ў траўні 2021 году ў межах крымінальнай справы, заведзенай супраць Tut.by за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу).
- 17 сакавіка 2022 году яна выйшла зь СІЗА-1. Ёй зьмянілі меру стрыманьня, але абвінавачаньняў не зьнялі.
- Вольга Лойка здолела выехаць зь Беларусі. Яе абвясьцілі ў вышук, а летась КДБ унёс яе ў «сьпіс тэрарыстаў».
- У красавіку 2023 году прайшоў суд па «справе Tut.by» — галоўнай рэдактарцы выданьня Марыне Золатавай і генэральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў зьняволеньня. Вядзеньне па крымінальнай справе ў дачыненьні да Вольгі Лойкі, а таксама журналісткі Алены Талкачовай і юрысконсульта Кацярыны Ткачэнкі прыпынілі да іх вышуку.