Выдавецтва «Янушкевіч» запусьціла новую онлайн-кнігарню з дастаўкай у 14 краінаў Эўропы

Беларускае выдавецтва «Янушкевіч» запусьціла сайт Knihauka, на якім можна набыць беларускія кнігі з дастаўкай у розныя краіны сьвету.

«Цягнуць далей не было як, тым больш што на пачатку чэрвеня невядомыя асобы зьнішчылі нашу старонку januskevic.by», — цытуе стваральнікаў сайту Knihauka «Наша Ніва».

Як паведамляюць выдаўцы, на сайце будуць працаваць зьніжкі з промакодамі, падключаная праграма ляяльнасьці для сталых кліентаў. Даступныя самыя папулярныя сыстэмы аплаты і кур’ерскія службы.

Стала даступнай дастаўка ў Вялікую Брытанію, Францыю і Гішпанію — тое, чаго бракавала ў маркетплэйсе Allegro. Акрамя гэтага, кнігі можна замовіць па Польшчы, у Аўстрыю, Бэльгію, Эстонію, Літву, Люксэмбург, Латвію, Нямеччыну, Італію, Партугалію і Швайцарыю.

Зь цягам часу гэтая пляцоўка стане асноўнай — менавіта на гэтым сайце будуць адкрываць папярэднія замовы на кнігі, выкладваць навінкі і запускаць разнастайныя акцыі.

На сайце можна набыць як арыгінальную беларускую літаратуру (напрыклад, «Хлопчык і сьнег» і «Ператрус у музэі» Альгерда Бахарэвіча), гэтак і пераклады (сярод іх — «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцджэралда ў перакладзе Сяргея Матыркі, ёсьць і кнігі для дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдавец Янушкевіч: «Рэжым Лукашэнкі прымае беларускую культуру толькі ў фальклёрна-савецкіх фарбах»

10 студзеня 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь.

У сакавіку 2022 году выдаўцоў пазбавілі арандаванага офісу, у траўні таго ж году сілавікі прыйшлі зь ператрусам у іхную кнігарню «Кнігаўка». Тады канфіскавалі 200 кніг, 15 найменьняў адправілі на экспэртызу на наяўнасьць у іх «прыкмет экстрэмізму». Дырэктара выдавецтва Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы Насту Карнацкую арыштавалі на 28 і 23 дні адпаведна.

Пасьля вызваленьня Андрэй Янушкевіч вымушана зьехаў зь Беларусі ў Польшчу, дзе аднаўляе дзейнасьць свайго выдавецтва.

Днямі Беларуская рада культуры паведаміла, што за паўгода ў межах праекту «Беларускія магістраты» сабралі больш за 20 тысяч эўра, неабходныя для аднаўленьня ў Польшчы дзейнасьці выдавецтва Андрэя Янушкевіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё выдавецтваў, прызнаньне кніг экстрэмісцкімі, рэлякацыя — дасьледчыкі распыталі незалежных беларускіх кнігавыдаўцоў аб іх працы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская рада культуры падвяла вынікі збору сродкаў на дзейнасьць выдавецтва Янушкевіча ў Польшчы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Са жніўня 2020 году ня менш за 11 выдавецтваў і выдаўцоў зьехалі зь Беларусі за мяжу. Чым гэта пагражае