21 красавіка ўдзельнікі музычнага фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath Уладзімер і Надзея Калачы выйшлі на волю з калёній, цалкам адбыўшы свае тэрміны. Яны знаходзіліся за кратамі 1 год, 8 месяцаў і 19 дзён.
2 жніўня муж і жонка Ўладзімер і Надзея Калачы апублікавалі першае за два гады відэа. Кліп выйшаў да дня нараджэньня Надзеі Калач. На відэа можна пабачыць кранальны момант яе сустрэчы з мужам Уладзімерам пасьля калёніі.
«Сёньня мы хочам падзякаваць вам і сказаць, што тое, што адбылося, нас не зламала. Так, у нас шмат працы, але ў той жа час у нас шмат крэатыўных ідэй і жаданьне ўвасабляць іх у жыцьцё. І з вашай падтрымкай мы пройдзем праз усё», — пішуць музыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: музыкі Irdorath выйшлі на волю- Музыкаў Irdorath Надзею і Ўладзімера Калачоў затрымалі 2 жніўня 2021 году на лецішчы пад Менскам, падчас сьвяткаваньня дня народзінаў Надзеі, разам зь іншымі музыкамі і гасьцямі сьвята. У сьнежні 2021 году Надзею і Ўладзімера асудзілі на 2 гады калёніі. Іх абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК).
- Да суду Ўладзімера і Надзею ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Менску. 14 сьнежня 2021 году па іхнай справе вынесьлі прысуд: музыкам прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі.
- Акрамя іх, у зьняволеньні апынуліся музыкі Юлія Марчанка, Пятро Марчанка і Антон Шніп. Ім прысудзілі па 1,5 года калёніі, яны таксама ўжо адбылі тэрміны і выйшлі на волю.
- Як адзначаюць музыкі, пасьля вызваленьня ім незаконна забаранілі выезд з краіны, але пры дапамозе BySol яны змаглі зьехаць зь Беларусі.
- Надзея і Ўладзімер Калачы абвясьцілі збор на плятформе BySol. Грошы патрэбныя найперш на адраджэньне творчых праектаў, «каб працягваць натхняць беларусаў», а таксама на рэабілітацыю пасьля калёніі і адаптацыю ў новай краіне.