Ва Ўкраіне адбылося першае пасьля пачатку вайны пасяджэньне Міжведамаснай камісіі ў пытаньнях міжнароднага гандлю. Усе пяць яе рашэньняў датычаць вынікаў антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў у сувязі з прадукцыяй, вырабленай у Беларусі.
Якую прадукцыю абмежавалі і чаму?
Мыта на шкло і асфальт
Згодна з рашэньнем Міжведамаснай камісіі ў пытаньнях міжнароднага гандлю, цяпер на шклатару зь Беларусі (слоікі для кансэрваваньня і пляшкі для харчовых прадуктаў і напояў) на пяць гадоў уводзіцца антыдэмпінгавае мыта ў 49,81% ад мытнага кошту тавару.
Абмежаваньні праз дэмпінгавыя пастаўкі зь Беларусі ініцыявала Асацыяцыя прадпрыемстваў шкляной прамысловасьці на падставе звароту сямі ўкраінскіх прадпрыемстваў, якія не маглі цалкам выкарыстоўваць свае магутнасьці і ў выніку скарацілі і прадукцыйнасьць, і рэалізацыю прадукцыі на ўнутраным рынку.
На вырабы з асфальту пры пастаўках іх ва Ўкраіну пяць гадоў будзе спаганяцца мыта ў 27,68% ад мытнага кошту. Гэта матэрыялы для пакрыцьця і гідраізаляцыі дахаў, а таксама для будаўніцтва падмуркаў і падземных збудаваньняў — перадусім эўрарубэройд і бітумная дахоўка. Аналягічныя абмежаваньні ўвялі на такую ж прадукцыю з Расеі.
Абмежаваньні на прадукцыю БМЗ дыфэрэнцыявалі
Абмежаваньні на пяць гадоў увялі на пруткі з вугляродзістай і сплаўнай сталі ад Беларускага мэталюргічнага заводу (БМЗ).
У 2019 годзе ўжо праводзілі падобнае расьсьледаваньне, але тады санкцыі былі фармальныя — для БМЗ увялі нулявую стаўку мыта. У тым годзе абмежаваньні наклалі на аналягічныя вырабы Малдоўскага мэталюргічнага заводу, але не такія вялікія, як цяпер на беларускую прадукцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне праз суд патрабуюць абмежаваць пастаўкі зь Беларускага мэталюргічнага заводуЗгодна зь цяперашнім рашэньнем Міжведамаснай камісіі Ўкраіны, стаўка мыта будзе розная для розных экспартэраў беларускай прадукцыі — 47,31% для ўласна вытворцы — БМЗ, а таксама літоўскага ЗАТ «Гандлёвы дом БМЗ-Балтыя», але для іншых пастаўнікоў — 79,27%.
Для малдоўскага вытворцы «пакараньне» за дэмпінгавыя пастаўкі засталося на ранейшым узроўні: 13,8% для Малдоўскага мэталюргічнага заводу і 35,37% — для іншых экспартэраў з Малдовы.
Адмовіліся пераглядаць санкцыі на беларускую соль
Сёлета ў траўні скончыліся абмежаваньні для кухоннай солі вытворчасьці «Мазырсолі». Украінскае прадпрыемства ініцыявала перагляд і прадоўжаньне санкцыяў, але потым адмовілася ад гэтай прапановы. У выніку Міжведамасная камісія спыніла гэты працэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адкрые свой рынак для беларускай харчовай солі і электралямпачак. Але ёсьць нюансАбкладаюць мытам ня толькі беларускі цэмэнт
У траўні 2019 году Міжведамасная камісія міжнароднага гандлю Ўкраіны ўвяла антыдэмпінгавае мыта на імпарт ва Ўкраіну цэмэнтных клінкераў і портляндцэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы.
Камісія выявіла дэмпінгавы імпарт з гэтых краін у 2015–2018 гадах. У той жа час зь беларускага цэмэнту спаганялася найменшае мыта (57,03%) у параўнаньні з такой жа прадукцыяй з Расеі і Малдовы (114,95% і 94,46% адпаведна). Такое мыта будуць спаганяць і далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі цэмэнт пакуль ня вернецца на ўкраінскі рынак у ранейшых аб’ёмах. Суд патлумачыў, чамуЗабароны на пастаўкі зь Беларусі няма
Адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка, якая суправаджала адно з антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў што да беларускай прадукцыі, паведаміла, што Міжведамасная камісія павінна была завяршыць усе гэтыя працэсы яшчэ год таму, але расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну перашкодзіла.
«Цяпер камісія пачала працаваць і ўхваліла рашэньні наконт усіх працэсаў, распачатых да расейскага ўварваньня. Мусілі або ўвесьці абмежаваньні, або не», — сказала Свабодзе Алена Амельчанка.
Паводле яе, Украіна мусіла завяршыць антыдэмпінгавыя працэсы, бо юрыдычна не забаронена гандляваць зь Беларусьсю.
«Ёсьць пэўныя абмежаваньні ў выглядзе санкцыяў, ёсьць забарона на імпарт з Расейскай Фэдэрацыі, бо яна агрэсар, але няма юрыдычнай забароны імпарту зь Беларусі. Так, у нас закрытыя межы, не працуюць фізычна пункты пропуску, але імпарт з Рэспублікі Беларусь не забаронены. Тавар зь Беларусі могуць завозіць на тэрыторыю Ўкраіны, напрыклад, праз тэрыторыю Эўразьвязу або іншыя трэція краіны», — дадала юрыстка ў сфэры міжнароднага гандлю.
Алена Амельчанка дадала, што паміж Беларусьсю і Ўкраінай дагэтуль дзейнічае пагадненьне аб свабодным гандлі, згодна зь якім беларуская прадукцыя пастаўлялася ва Ўкраіну бяз мыта. І гэтая норма будзе дзейнічаць у выпадку паставак беларускай прадукцыі праз трэція краіны, з выняткам прадукцыі, супраць якой уведзена антыдэмпінгавае мыта.
Абысьці абмежаваньні ня ўдасца
Алена Амельчанка дадала, што калі Беларусь паспрабуе «ачышчаць» паходжаньне сваёй прадукцыі і пастаўляць яе з сэртыфікатам трэцяй краіны, каб унікнуць антыдэмпінгавага мыта, санкцыі могуць зрабіць больш жорсткімі.
«Калі ўкраінскія вытворцы пабачаць, што на рынку ёсьць такі тавар — а яны могуць адсачыць тавар, які вырабляецца ў Беларусі і пастаўляецца праз трэцюю краіну, — то яны могуць сабраць доказы і падаць скаргу ў Міністэрства эканомікі, патрабуючы перагледзець антыдэмпінгавыя захады ў сувязі з абыходам абмежаванньняў. Ёсьць мэханізмы, якія дазваляюць увесьці абмежаваньні і адносна трэцяй краіны, зь якой будзе пастаўляцца беларуская прадукцыя», — падкрэсьліла Алена Амельчанка.
«Беларускую прадукцыю можна завозіць праз трэція краіны, хоць больш складаная лягістыка. Ёсьць хутчэй этычныя моманты, таму шмат украінскіх кампаніяў адмовіліся ад беларускіх тавараў. Але юрыдычнай забароны няма», — адзначыла адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як расейскія танкі і ракеты спынілі рэкордны гандаль Беларусі і Ўкраіны- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.