«Дарагі аксэсуар і гістарычны сымбаль» — слуцкія паясы ў варшаўскім Нацыянальным музэі. ФОТА

Слуцкі пояс у асноўнай экспазыцыі Нацыянальнага музэю ў Варшаве

Слуцкіх паясоў у Беларусі засталіся адзінкі. А ў польскай калекцыі іх некалькі сотняў. Свабода наведала Нацыянальны музэй у Варшаве і паразмаўляла зь яго супрацоўніцамі пра сабраныя там слуцкія паясы, пра іх каштоўнасьць і трансфармацыі цягам часу.

Слуцкія паясы — унікальныя вырабы ручнога ткацтва ў Рэчы Паспалітай, якія сталі адным з галоўных элемэнтаў традыцыйнага мужчынскага строю шляхты.

Сёньня яны сабраныя ў музэйных і прыватных калекцыях розных краін — сярод іншага, Беларусі, Украіны, Расеі, Літвы і Польшчы.

Паводле розных ацэнак, такіх паясоў захавалася агулам каля тысячы. Прыкладна палова зь іх у Польшчы. Толькі ў Нацыянальным музэі ў Варшаве, куды завітала Свабода, сабраныя 263 вырабы. Для параўнаньня, у Беларусі слуцкіх паясоў у цэлым выглядзе засталося толькі 11.

Слуцкі пояс у асноўнай экспазыцыі Нацыянальнага музэю ў Варшаве

«Абсалютная большасьць паясоў у нас з Слуцку»

«Маем паясы з Кабылкі (Мазавецкае ваяводзтва), з Горадні, некалькі з кракаўскай майстэрні, — апавядаюць куратаркі калекцыі тэкстылю варшаўскага Нацыянальнага музэю Эва Арліньска-Мяноўска і Маніка Яніш. — Абсалютную большасьць нашай калекцыі складаюць паясы, вырабленыя ў мануфактуры Слуцку».

Куратаркі калекцыі тэкстылю варшаўскага Нацыянальнага музэю Маніка Яніш і Эва Арліньска-Мяноўска

Слуцкія — азначэньне, якое замацавалася ў назьве паясоў незалежна ад месца іх стварэньня. Паспрыяла гэтаму дасканалая якасьць вырабаў слуцкай мануфактуры, унікальны стыль якіх намагаліся пераняць многія майстры, у тым ліку ў Эўропе.

У Слуцку паясоў выпускалі як мага больш, бо мануфактура там разьвівалася дынамічна і дзейнічала вельмі доўга — да пачатку ХІХ стагодзьдзя, адзначае Маніка Яніш.

Фігуруюць і іншыя назвы — кунтушовыя паясы, тэкстыльныя паясы, урэшце, у Польшчы іх называюць польскія паясы.

Эва Арліньска-Мяноўска

Эва ўдакладняе, што для спэцыялістаў найбольш карэктныя першыя дзьве назвы.

«А „польскія“ — хутчэй за ўсё таму, што яны зьвязаныя з польскім нацыянальным строем, так званым кунтушовым строем (мужчынскі строй шляхты і багатага мяшчанства ў Рэчы Паспалітай у XVII — пачатку XIX стагодзьдзя. — РС), які таксама меў даволі доўгую гісторыю фармаваньня і, як і пояс, створаны на ўзор блізкаўсходняга адзеньня. Пояс павязваўся на кунтуш (верхняе мужчынскае адзеньне, — РС)», — кажуць супрацоўніцы музэю.

Маніка Яніш

На пытаньне, ці залічваюць палякі гэтыя паясы выключна да сваёй культуры, экспэрткі адказваюць, што гэта хутчэй міжнародны прадукт.

«Для нас гэта вырабы мануфактураў, якія дзейнічалі на землях былой Рэчы Паспалітай. Зьяўленьне такіх прадпрыемстваў сьведчыць пра спробы ўкараненьня шаўкоўніцтва, у тым ліку ў маёнтках Радзівілаў у Нясьвіжы, Слуцку».

«Каб фабрыка працавала дынамічна, патрэбны быў спрытны мэнэджар»

Мода на тэкстыльныя паясы ў Рэч Паспалітую прыйшла з Усходу. Да канца XVI стагодзьдзя паясы імпартавалі зь Індыі і Турэччыны. Пасьля афганскага ўварваньня ў Пэрсію гандлёвыя шляхі былі заблякаваныя, што дало штуршок стварэньню першых у Рэчы Паспалітай пэрсіярняў — мануфактураў для вырабу паясоў з выкарыстаньнем шоўку, якімі кіравалі армянскія і турэцкія майстры.

Адну з найпершых такіх фабрык заснавалі ў Нясьвіжы ў 1746 годзе на загад Міхала Казімера Радзівіла «Рыбанькі», які запрасіў у свой маёнтак майстра-ткача армянскага паходжаньня Яна Маджарскага. Неўзабаве, у 1767 годзе, нясьвіскую мануфактуру перанесьлі ў Слуцак.

Празь нейкі час кіраваць ёю пачаў Янаў сын Лявон, які ўзначальваў вытворчасьць да 1807 году. Пасьля яго сыходу пэрсіярня пачала занепадаць і ў 1842 годзе закрылася.

Эва Арліньска-Мяноўска з каталёгам выставы «Слуцкія паясы і літургічнае адзеньне з збораў Нацыянальнага музэю ў Варшаве і Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь» 2014 году

Найбольш вядомымі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай былі пэрсіярні ў Нясьвіжы, у Жмігрудзе каля Горліцаў, у Ружанах, на Падляшшы, у Карэлічах, Гарадніцы і Ласосьне (пад Горадняй), пэрсіярні ў Кабылцы і Ліпкаве (пад Варшавай), шэраг прадпрыемстваў у Кракаве.

Для посьпеху мануфактуры былі важныя «спрытныя» арганізатары, зазначае Эва Арліньска-Мяноўска.

«Каб фабрыка працавала дынамічна, патрэбны быў мэнэджар, які б хутка даставіў сыравіну, арганізаваў вытворчасьць, прадаў тавары, каб мець грошы закупіць новую сыравіну. Мануфактуры ж былі невялікія, а попыт на паясы ў той час рос», — апавядае супрацоўніца Варшаўскага музэю.

Паясы захоўваюць у скручаным выглядзе

«Кожны шляхціч завязваў пояс па-свойму»

З архіваў вядома, што паясы вырабляла цэлая брыгада, аснову якой складалі мужчыны, зазначаюць Эва і Маніка. Аднак, паводле іх, жаночая праца была часам таксама неабходная.

«Жанчыны рыхтавалі эскізы матываў для аздабленьня тканін або шаўковых паясоў».

Супрацоўніцы Нацыянальнага музэю ў Варшаве дэманструюць слуцкія паясы

Кожны працаўнік адказваў за сваю частку працы, бо этапы прадукаваньня паясоў былі складанымі.

«Спачатку завозілі шаўковыя ніткі, потым замаўлялі срэбныя і залатыя, якія выраблялі ювэліры (напрыклад, у Горадні была спэцыяльная мануфактура, якая займалася золатам)», — тлумачыць Маніка Яніш, паказваючы паясы з асноўнай экспазыцыі музэю.

«Былі людзі, якія вышывалі кветкі і больш складаныя арнамэнты. Нехта рабіў простыя рэчы — такія як сярэднік пояса, яшчэ хтосьці прышываў кутасікі, бо ўзятыя з майстэрняў паясы іх ня мелі».

Слуцкі пояс ня меў добрыцы ці знайніцы (правага ці левага боку). Кожны зь яго бакоў упрыгожаны асаблівым узорам і колерам. Таксама паясы падпісвалі месцам вырабу.

ME FECIT SŁUCIÆ («Мяне зрабілі ў Слуцку») — сыгнатура слуцкага пояса

«Існавалі і розныя спосабы завязваньня паясоў. Цяжка знайсьці два аналягічныя на шляхоцкіх партрэтах», — апавядае Эва Арліньска-Мяноўска.

«Дарагі аксэсуар, які ня кожны мог сабе дазволіць»

Канструктыўна слуцкі пояс, даўжыня якога звычайна сягала 3 мэтраў, а шырыня — 40 сантымэтраў, складаўся зь дзьвюх «галоваў» (пачатку і канца), сярэдніку, аблямоўкі і кутасікаў.

Некаторыя паясы, паводле польскіх экспэртак, называліся паўпаскамі, бо яны значна вузейшыя ад традыцыйных і складаліся ня ў тры столкі, як звычайна, а толькі напалову.

«Разьмяшчэньне ўпрыгожаньняў таксама вельмі характэрнае, — кажа Эва Арліньска-Мяноўска. — У галовах паясоў — кветкавыя кусты, падобныя да адзіночных кветак, але нярэдка яны ўтваралі шырокую кампазыцыю. Цікава, што паясы, зробленыя на мясцовых мануфактурах, адрозьніваліся ад блізкаўсходніх тым, што гэтыя кусьцікі як бы накіраваныя сьцяблінамі туды, дзе кутасікі».

Чатырохбаковы слуцкі пояс з шаўковай пражы і пазалочанай срэбнай ніткі, выкананы ў мануфактуры Караля Радзівіла, якою кіраваў Ян Маджарскі. 1767–1780 г.

Чым багацейшыя паясы, тым яны буйнейшыя і шырэйшыя, каб зрабіць уражаньне, тлумачаць супрацоўніцы Нацыянальнага музэю ў Варшаве.

«Паясы былі дарагім аксэсуарам, і дазволіць іх сабе мог ня кожны. Напрыклад, засьцянковая шляхта, якая была значна бяднейшая, але культывавала традыцыі, замаўляла паясы больш сьціплыя», — дадае Моніка Яніш.

Выгляд праз павелічальнае шкло: узор кветкі з шаўковай ніткі, абплеценай срэбнаю

Пасьля таго як паясы страцілі сваё простае практычнае прызначэньне, іх выкарыстоўвалі як дэкаратыўную тканіну, зь якой выраблялі адзеньне і іншыя рэчы.

«У Бучачы сям’я Патоцкіх заснавала мануфактуру, якая дзейнічала да пачатку ХХ стагодзьдзя. У ёй выраблялі габэлены, тканіны зь лёну, бавоўны, шоўку. Некаторыя габэлены мелі форму паясоў, іх упрыгожвалі геамэтрычныя ўсходнія ўзоры. З часам зьявіліся стылізаваныя кветкавыя матывы, выяўленыя раней на слуцкіх паясах», — расказваюць суразмоўцы і ўдакладняюць, што гэты дэкор быў у стылі гістарызму.

Шчыльна сплеценае палатно поясу з шаўковых і срэбных нітак дасьледнікі разглядаюць цераз павелічальнае шкло. На фота паўліты чатырохбаковы слуцкі пояс з матывам нізкі касачоў і півоняў

«Нават элемэнты арт-дэко выкарыстоўвалі. Такія габэлены вывешвалі ў маёнтках, палацах як нацыянальны сымбаль-упрыгожаньне. На іх часта вешалі гаржэты (мэталічныя нагруднікі. — РС) з выявай Марыі, шаблі...» — кажа Маніка Яноўска.

Такім чынам, паводле польскіх экспэртак, з часткі строю пояс трансфармаваўся ў сымбаль, які ўносіў у інтэр’ер элемэнт нацыянальнай гісторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню за 77 гадоў у Менску адкрылася выстава слуцкіх паясоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мая Яніцкая: “Альбом “Слуцкія паясы” рыхтаваўся 30 гадоў”