Напярэдадні блёк ECOWAC, які аб’ядноўвае 15 краінаў Заходняй Афрыкі, увёў адносна Нігеру эканамічныя санкцыі, якія ўключаюць прыпыненьне ўсіх фінансавых транзакцыяў у выпадку, калі на працягу тыдня законна абраны ўрад прэзыдэнта Махамеда Базума ня будзе адноўлены, а сам Базум ня будзе вызвалены. У прыватнасьці, Нігер ужо не атрымаў прызначаныя на панядзелак выплаты па аблігацыях у памеры 51 мільёна даляраў.
У гарадах Нігера праходзяць масавыя дэманстрацыі пад антыфранцускімі лёзунгамі. Многія маніфэстанты выйшлі на вуліцы з расейскімі сьцягамі і скандавалі імя прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. У сталіцы краіны Ніамеі напярэдадні дэманстранты атакавалі амбасаду Францыі і спрабавалі яго падпаліць. Паведамляецца аб некалькіх параненых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: Ваенны пераварот у Нігеры можа быць у інтарэсах РасеіЛідэры краінаў блёку ECOWAC заклікалі да аднаўленьня канстытуцыйнага парадку ў Нігеры і не выключылі магчымага ўжываньня сілавых мераў са свайго боку.
29 ліпеня Францыя і кіраўніцтва ЭЗ абвясьцілі, што прыпыняюць фінансавую падтрымку і супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі з Нігерам. Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль падкрэсьліў, што Брусель не прызнае самаабвешчаную новую ўладу Нігера і па-ранейшаму лічыць законным прэзыдэнтам краіны дэмакратычна абранага Махамеда Базума.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што далейшая дапамога з боку Вашынгтона Нігеру будзе залежаць ад захаваньня ў гэтай афрыканскай дзяржаве дэмакратычнага кіраваньня і канстытуцыйнага парадку.
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, камэнтуючы апошнія падзеі ў Нігеры, назваў пераварот у гэтай краіне антыканстытуцыйным актам. «Лічым, што пераварот — гэта антыканстытуцыйная задума. Пацьвярджаем нашую пазыцыю, што ў Нігеры неабходна аднавіць
канстытуцыйны парадак», — заявіў Лаўроў у інтэрвію «Первому каналу» расейскай тэлевізіі.
- Вайсковы пераварот у Нігеры пачаўся 26 ліпеня. Прэзыдэнцкая гвардыя пад кіраўніцтвам яе начальніка генэрала Амара (Абдурахмана) Тчыані заблякавала прэзыдэнта Махамеда Базума ў яго рэзыдэнцыі, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. Тчыані абвясьціў сябе новым прэзыдэнтам.
- Нігер — былая француская калёнія, адна з самых бедных краінаў сьвету, якая штогод атрымлівала каля 2 мільярдаў даляраў міжнароднай дапамогі. Пры гэтым краіна багатая на прыродныя рэсурсы, на яе долю прыпадае каля 7% сусьветных запасаў урану. Таксама здабываюцца золата, рэдказямельныя мэталы, разьведаныя радовішчы нафты і газу.