Больш за 80 расейскіх алігархаў працуюць на вайну

Ілюстрацыйная выява

Як мінімум 81 расейскі прадпрымальнік, які ўваходзіў у даваенны рэйтынг часопісу Forbes «200 найбагацейшых расейцаў» адкрыта прымае ўдзел у забесьпячэньні расейскага войска.

Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні выданьня «Праект», апублікаваным 31 ліпеня.

Высновы «Праекту» грунтуюцца на аналізе дзяржкантрактаў, заключаных паміж расейскімі абароннымі заводамі і прадпрыемствамі, якія належаць алігархам. Расьсьледавальнікі ўказваюць, што ў 2017 годзе расейскае абароннае ведамства пачало масава засакрэчваць свае кантракты, таму большая частка знойдзеных імі дамоваў адносіцца да пэрыяду 2014-2018 гадоў. Гэта можа стварыць не зусім поўную карціну, але на думку журналістаў, «рэальная колькасьць працуючых на вайну бізнэсоўцаў і атрыманых імі за гэта грошай можа быць істотна большай, чым у нашай базе даных».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Вялікай Брытаніі: 10 расейскіх алігархаў, якія скарысталіся «залатымі візамі», падпалі пад санкцыі

Па дадзеных выданьня, агульная сума толькі адкрытых кантрактаў прадстаўнікоў буйнога расейскага бізнэсу з Мінабароны за ўвесь час канфлікту з Украінай — з 2014 па 2023 гады складае не менш за 220 мільярдаў рублёў (па цяпершнім курсе 2.5 мільярдаў даляраў).

Толькі 14 алігархаў патрапілі пад поўныя абмежаваньні

У расследаванні журналісты, сярод іншых называюць імёны Аляксея Мардашова («Северсталь»), Уладзіміра Патаніна («Норникель»), Вагіта Алекперава («Лукойл»), Міхаіла Фрыдмана (LetterOne), Рамана Абрамовіча (Millhouse), Генадзя Цімчанкі («Новотек» ), Алішэра Усманава (USM), Юрыя Кавальчука (Банк «Россия»), Аркадзя Ратэнберга («Мостотрест») і іншых.

80 з гэтых алігархаў, адзначае «Праект», зараз знаходзяцца пад санкцыямі. Аднак супраць 34-х бізнэсоўцаў дзейнічаюць толькі ўкраінскія санкцыі, і толькі 14 алігархаў патрапілі пад абмежаваньні ва ўсіх краінах — саюзьніцах Кіева. Толькі адзін алігарх, падкрэсьліваюць расьсьледавальнікі, пасьля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня выступіў супраць палітыкі Крамля — заснавальнік «Тинькофф Банка» Алег Тінькоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: багацьце расейскіх мільярдэраў з пачатку 2023 году вырасла на 16,5 млрд даляраў

Бізнэсоўцы абвяргаюць абвінавачаньні

Шэраг бізнэсоўцаў, якія трапілі ў сьпіс «Праекту», адказалі на абвінавачаньні журналістаў. Уладзімір Лісін заявіў, што яго наваліпецкі металюргічны камбінат (НЛМК) ніколі не пастаўляў і не пастаўляе прадукцыю для вайсковага ўжываньня ў Расеі. «Мы разумеем, што нашыя аргумэнты ізноў ня будуць пачутыя, але, улічваючы, што мы робім 3.6 мільярды будаўнічых шрубаў, вы дарасьсьледуецеся да «баявых камароў», — напісаў ён у адказе журналістам.

Прадстаўнікі Міхаіла Фрыдмана ўказалі, што ён яшчэ ў сакавіку 2022 года заявіў аб тым, што «вайна ніколі не можа быць рашэньнем, а кровапраліцьце, якое будзе каштаваць абодвум народам многіх жыцьцяў, неабходна спыніць». Гэтую пазыцыю кіраўніцтва кампаніяў Фрыдмана займае і зараз.