Улады Літвы лічаць, што гібель сямі літоўскіх памежнікаў, паліцыянтаў і мытнікаў на памежным пункце між Літвой і Беларусьсю 31 ліпеня 1991 году зьяўляецца «адным з эпізодаў вайны, якую Расея цяпер вядзе ва Ўкраіне».
«Сёньня ахвяры абаронцаў Меднікаў набывае новы сэнс. Гэта быў эпізод той самай вайны, якая цяпер ідзе ва Ўкраіне. На жаль, вельмі часта свабода і моц дзяржавы вырастаюць на глебе, прасякнутай крывёй герояў. Агрэсара трэба спыніць ва Ўкраіне, калі мы хочам папярэдзіць крывавыя трагедыі ў Літве», — цытуе літоўскае выданьне LRT кіраўніцу ўраду Літвы Інгрыда Шыманіце.
Сьпікер парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн перакананая, што гэты інцыдэнт на мяжы стаў значнай для дзяржаўнасьці падзеяй.
«У першыя гады аднаўленьня незалежнасьці наша крохкая дзяржава кожны дзець сутыкалася з рэальнай небясьпекай. Аднак жыхары Літвы ўжо былі поўныя рашучасьцю быць свабоднымі. Яны працавалі і стаялі на варце ў экстрэмальных умовах, каб абараніць тады яшчэ толькі тэарэтычна вольную дзяржаву, абараніць яе межы і людзей. Свабодныя людзі, якія загінулі, стварылі свабодную Літву, голас якой цяпер чуюць у сьвеце», — заявіла Вікторыя Чміліце-Нільсэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве адзначаецца 22 гадавіна трагедыі ў МеднікахШто адбылося 32 гады таму на мяжы Літвы і Беларусі
11 сакавіка 1990 году парлямэнт Літвы абвясьціў незалежнасьць краіны ад СССР. Пасьля гэтага літоўскія ўлады пачалі ствараць памежныя і мытныя пасты на межах Літвы. Мытны пост «Меднікі» на мяжы зь Беларусьсю быў невялікім — для працы мытнікаў і памежнікаў усталявалі звычайны вагон.
Нагодай для памежных канфліктаў стала ўвядзеньне ўрадам Літвы жорсткіх абмежаваньняў на вываз тавараў зь літоўскай тэрыторыі. У першай палавіне траўня 1991 году некалькі памежных пастоў спалілі. Вясной і летам 1991 году у сэрыі нападаў на гэтыя ўстановы ажыцьцявілі байцы рыскага і віленскага АМАПу з шаўронамі «Нашы». Гэтыя атрады падпарадкоўваліся Міністэрству ўнутраных спраў СССР.
18 траўня 1991 году нібыта з засады побач з Шальчынінкаем застрэлілі ўчастковага інспэктара Воранаўскага раённага аддзелу ўнутраных спраў БССР Аляксандра Фіяся. На наступны дзень застрэлілі капітана памежнай службы Літвы Гінтараса Жагуніса. Беларуская міліцыя затрымала падазраваных, сярод якіх быў брат Аляксандра Фіяся.
Раніцай 31 ліпеня 1991 году на мяжы Літвы і Беларусі, на пасту ў Медніках, прадстаўнікі рыскага АМАПу напалі на літоўскіх памежніках і мытнікаў. Сем супрацоўнікаў мытні, паліцыі і памежнай службы загінулі, адзін атрымаў раненьні і змог выжыць, хоць і застаўся інвалідам.
У кастрычніку 2016 году Віленскі акруговы суд завочна засудзіў трох колішніх байцоў рыскага АМАПу (цяпер грамадзяне Расеі) на пажыцьцёвае пазбаўленьне волі паводле абвінавачаньня ў забойстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднавіўся рух праз памежны пераход Меднікі — Каменны Лог