Як паведамляе «Эхо Кавказа», з раніцы ў батумскім порце сабраліся студэнты, апазыцыянэры і грамадзкія актывісты.
Паводле тэлеканалу «Руставі 2», акцыя суправаджалася сутыкненьнямі з паліцыяй. Затрыманыя прынамсі 10 чалавек.
РІА «Новости» са спасылкай на агенцтва па продажы круізаў піша, што лайнер Astoria Grande больш ня будзе заходзіць у Батумі.
Лайнэр Astoria Grande, на борце якога больш за 800 чалавек, пераважна грамадзян Расеі, плыве круізным маршрутам Сочы — Трабзон — Батумі — Амасра — Стамбул — Сочы. Ён ужо заходзіў у Батумі 27 ліпеня. Увечары таго ж дня ў Батумі і Тбілісі прайшлі акцыі пратэсту.
Удзельнікі пратэставалі супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і абураліся адказамі пэўных расейскіх турыстаў на пытаньні грузінскіх журналістаў. Расейскія турысты заяўлялі, што падтрымліваюць дзеяньні Расеі ў вайне з Грузіяй у 2008 годзе. У адным з камэнтароў прагучала фраза «Расея вызваліла Абхазію ад грузінаў».
Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі падтрымала ўдзельнікаў пратэсту.
На сёньняшняй акцыі дэманстранты патрабавалі, каб лайнэр пакінуў порт Батумі, і выгукалі «Абхазія — гэта Грузія». Яны таксама абураліся прысутнасьцю на вадаплаве расейскіх артыстаў, якія падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне і прэзыдэнта Пуціна.
У траўні сёлета ў Грузіі прайшлі акцыі пратэсту супраць аднаўленьня простых авіязносінаў з Расеяй. Да гэтага Ўладзімір Пуцін скасаваў візавы рэжым для грамадзян Грузіі і зьняў забарону на простыя авіярэйсы паміж Расеяй і Грузіяй. Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала рашэньне Пуціна «чарговай правакацыяй».
Грузія лічыць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамога, падобная на паразу. Што здарыцца, калі Ўкраіне давядзецца зьмірыцца са стратай тэрыторый