WSJ: Саудаўская Арабія ў жніўні правядзе мірныя перамовы па Украіне

Ілюстрацыйны здымак

Саудаўская Арабія ў пачатку жніўня мае намер правесьці мірныя перамовы паміж Украінай, шэрагам заходніх дзяржаў і ключавымі краінамі, якія разьвіваюцца, піша амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal (WSJ) са спасылкай на неназваных дыпляматаў.

Па іх зьвестках, на сустрэчу ў Джыду 5-6 жніўня прыбудуць прадстаўнікі 30 дзяржаў, многія з якіх да гэтага часу займалі нэўтральную пазыцыю ў дачыненьні да вайны. Дыпляматы не ўдакладнілі, хто будзе прадстаўляць украінскі бок.

Украіна і заходнія афіцыйныя асобы спадзяюцца, што гэтыя намаганьні могуць прывесьці да мірнага саміту ў канцы года, на якім сусьветныя лідэры падпішуцца пад агульнымі прынцыпамі ўрэгуляваньня вайны, сьцьвярджае WSJ. Гэтыя прынцыпы могуць сфарміраваць будучыя мірныя перамовы паміж Украінай і Расеяй на ўмовах, выгадных для Кіева, адзначаюць суразмоўцы газэты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія памежнікі расказалі, колькі «вагнэраўцаў» знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі