Беларусы стварылі ініцыятыўную групу для адкрыцьця новай беларускай школы ў Вільні

Ілюстрацыйнае фота

Створана пэтыцыя за новую школу, а бацькоў просяць прайсьці апытаньне.

У суполцы «Беларусы Вільні» апублікавалі допіс з заклікам да бацькоў паведаміць пра сваё жаданьне аддаць дзіця ў беларускую школу.

«Шаноўныя бацькі дзяцей-беларусаў Вільні!

Мы, беларускія настаўнікі, адукацыйныя прафэсіяналы і вельмі матываваныя бацькі, стварылі ініцыятыўную групу для адкрыцьця яшчэ адной беларускамоўнай школы. Каб распачаць узаемадзеяньне з дэпартамэнтам адукацыі Літвы і іншымі дзяржаўнымі структурамі, нам неабходна ведаць колькасьць дзяцей, якія могуць стаць вучнямі такой навучальнай установы.

Наша мэта: даць магчымасьць атрымаць беларускім дзецям адукацыю на роднай мове, а таксама стварыць утульную атмасфэру для беларусаў Вільні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячорка пра моўны закон: «У мяне навіна для дзяржаўных службоўцаў»

Бацькам дзяцей прапанавалі ананімную форму-анкету, якую варта запоўніць, каб ініцыятыўная група мела ўяўленьне пра настроі і патэнцыйную колькасьць дзяцей.

Раней старшыня парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн у інтэрвію Радыё Свабода адзначыла, што ёсьць патрэба яшчэ ў адной беларускай школе ў Вільні.

«Ужо дзясяткі тысяч беларусаў знаходзіцца ў Вільні, дый ня толькі ў Вільні. І я думаю, што патрэба яшчэ ў адной беларускай школе існуе. Патрэбна ініцыятыва з боку беларускай грамады найперш. Другія грамады таксама паціху школы свае арганізоўваюць. І гэта сапраўды магчыма. І я спадзяюся, што такія ініцыятывы зьявяцца», — сказала Чміліце-Нільсэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрэба яшчэ ў адной беларускай школе ў Вільні існуе», — сьпікерка парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн