Сьцісла:
- Раней былі падобныя зьмены ў Кодэкс аб адукацыі. Відавочна, што гэта было ў рамках стратэгічнай задумы — нацыянальным мяншыням закрывалі магчымасьць вучыцца па-польску і па-літоўску.
- Паміж цывілізаванымі краінамі звычайна дзейнічае прынцып узаемнасьці. Я спадзяюся, зважаючы на тое, што беларускі народ не абіраў цяперашні рэжым, ня будзе нейкіх дзеяньняў у адказ ані ў Літве, ані ў Польшчы адносна беларускамоўнай адукацыі ў гэтых краінах.
- Пакуль што ў законе ёсьць агульны абавязак для работнікаў дзяржаўных органаў валодаць і беларускай, і расейскай мовамі. На гэта можна спасылацца, дамагаючыся таго, каб табе адказваў па-беларуску і міністар, і дырэктар школы, і кіраўнік раённага аддзелу адукацыі.
- Канстытуцыя гарантуе моўныя правы ў тым ліку і носьбітам беларускае мовы. Але на практыцы гэта не працуе ў розных сфэрах — адукацыя, судаводзтва, стаўленьне міліцыянтаў да затрыманых, калі для беларускамоўных існуе рызыка здароўю, а можа і самому жыцьцю.
- Я б вярнуў той статус, які беларуская мова набыла яшчэ ў апошні год камунізму — у 1990 годзе быў прыняты Закон аб мовах, які абвяшчаў беларускую мову адзінай дзяржаўнай. Тады былі прапісаныя альгарытмы, графікі і часавыя межы ад аднаго да 10 гадоў, каб перавесьці ўсе асноўныя сфэры дзяржаўнага жыцьця на функцыянаваньне ў асноўным па-беларуску.
- У прыватнае жыцьцё грамадзян ніхто не павінен лезьці. Нормы закону датычаць перадусім дзяржаўных службоўцаў.
- Цяпер проста на вачах расьце разуменьне ролі мовы як аднаго з галоўных чыньнікаў абароны нацыі ад экзыстэнцыйнай пагрозы.