Кібэрдэпартамэнт Службы бясьпекі Ўкраіны супольна з камандаваньнем Аб’яднаных сіл узмацнілі супрацу для супрацьдзеяньня пагрозам у Паўночнай апэрацыйнай зоне пасьля перамяшчэньня вагнэраўцаў у Беларусь.
У паведамленьні камандаваньня Аб’яднаных сіл адзначаецца, што ўжо маюць інфармацыю аб дзейнасьці падкантрольных ПВК «Вагнэр» хакерскіх груповак, «фабрык троляў» і прапагандысцкіх мэдыя, якія Расея актыўна выкарыстоўвае для інфармацыйных і кібэратак супраць Украіны.
Пасьля перамяшчэньня ў Беларусь некалькі калён расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Украіна пачала пільна сачыць за сытуацыяй у Беларусі, паколькі вагнэраўцы зьяўляюцца «магутным кампанэнтам, які непасрэдна браў удзел у баявых дзеяньнях» і «магутным элемэнтам у сыстэме расейскай прысутнасьці за мяжой».
Разам з тым выведка Міністэрства абароны і Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны заяўлялі, што пакуль ня бачаць непасрэднай пагрозы з боку прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», сілы якой цяпер разьмяшчаюцца ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пакуль ня бачаць пагрозы з боку вагнэраўцаў, разьмешчаных у Беларусі- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
- 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
- Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».