Міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што беларускі бок не ідзе насустрач у справе вызваленьня палітвязьня Анджэя Пачобута.
«Мы зрабілі ўсе магчымыя спробы вызваліць Анджэя Пачобута з турмы. Аднак з вялікім жалем даводзіцца канстатаваць, што на гэты момант для гэтага няма ніякіх умоваў. З таго боку няма ніякай добрай волі», — сказаў Камінскі.
Аднак, ён заклікаў не забываццца пра Пачобута і сотні іншых палітвязьняў у Беларусі, зазначыў міністар.
«Гэта сапраўдныя беларусы, а не Лукашэнка. Гэта лідэры, кіраўнікі беларускай нацыі, якія знаходзяцца ў турме, гэта тыя, хто рэальна прадстаўляе беларускую нацыю. І з такой нацыяй мы будзем ствараць агульную будучыню», — сказаў кіраўнік польскага МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: 3 тыдні сваякі Пачобута не атрымліваюць ад яго лістоў; Алегу Яфрэменку прысудзілі яшчэ год зьняволеньняНядаўна жонка Анджэя Пачобута Аксана распавяла, што з 6 ліпеня не атрымлівае лістоў ад мужа. Праз час стала вядома, што палітзьняволены журналіст у ШЫЗА — другі ці трэці раз пасьля пераводу ў калёнію.
Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Горадні. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. 8 лютага Пачобута асудзілі на 8 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Дашкевіча зьмясьцілі ў карцар, Пачобута — у ШЫЗАХто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.