Улады Польшчы і Літвы дапускаюць поўную ізаляцыю Беларусі ў выпадку «сур’ёзай правакацыі» з боку вагнэраўцаў

Найміт ПВК «Вагнэр» зь беларускім салдатам на тэрыторыі Беларусі

«Любая сур'ёзная правакацыя на межах Польшчы, Літвы і Латвіі будзе сустракаць сумесны, цьвёрды і прадуманы адказ нашых уладаў», — заявіў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі падчас брыфінгу з камандзірамі памежнай службы.

У адказ на пытаньне, ці разглядае Польшча магчымасьць закрыцьця ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю праз знаходжаньне ў краіне наймітаў ПВК «Вагнэр», Марыюш Каміньскі зазначыў:

«Мы прадугледжваем розныя варыянты, і гэта будуць вельмі адэкватныя адказы».

Марыюш Каміньскі зазначыў, што польскія ўлады знаходзяцца ў кантакце з саюзьнікамі, для якіх знаходжаньня вагнэраўцаў у Беларусі таксама можа несьці пагрозу.

«Я не выключаю, што калі мы палічым, што гэта правільны адказ на дадзены момант, то мы даб’емся поўнай ізаляцыі Беларусі. Любая сур’ёзная правакацыя на межах Польшчы, Літвы і Латвіі будзе сустракаць сумесны, цьвёрды і прадуманы адказ нашых уладаў», — заявіў Каміньскі.

Кіраўнік ведамства таксама расказаў, што вагнэраўцы, якія прыехалі ў Беларусь, ня маюць з сабой цяжкай тэхнікі, а «іх вайсковае значэньне банальнае і кожнае сучаснае натаўскае войска, якім зьяўляецца польскае войска, можа неадкладна навесьці парадак».

«З другога боку, мы маем справу зь небясьпечнымі, глыбока дэмаралізаванымі людзьмі. Большая частка зь іх была вызвалена з турмы. Гэта злачынцы», — дадаў Марыюш Каміньскі.

Пасьля гэтай заявы польскага міністра намесьнік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус паведаміў, што Літва супольна з Польшчай абмяркоўвае пытаньне аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю ў выпадку сур’ёзнай правакацыі з удзелам вагнэраўцаў на мяжы.

«Абмеркаваньні рэальныя. Магчымасьць закрыцьця мяжы існуе», — сказаў Арнольдас Абрамавічус журналістам 28 ліпеня.

Паводле яго, частка вагнэраўцаў знаходзіцца непадалёк ад мяжы Беларусі з Польшчай.

«Як вайсковая сіла ПВК не стварае вялікай пагрозы для Польшчы, я так мяркую. А вось як магчымасьць правакацый — так. Гэта можа быць перакіданьне нейкіх груп уцекачоў, нелегальных мігрантаў з мэтай выклікаць нейкія беспарадкі», — дадаў намесьнік міністра ўнутраных спраў Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13-я калёна ПВК «Вагнэр» едзе па Беларусі. У ёй больш за 80 машын
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: у Беларусь прыбыла 12-я калёна вагнэраўцаў, бронеаўтамабіляў яшчэ болей