Беларуская моладзь: выбар паміж Салаўёвым і Кацам. Вынікі апытаньня Chatham House

Уладзімір Салаўёў, Максім Кац, Рыгор Астапеня, каляж

Якімі пазнавальнымі мэдыяасобамі захапляецца беларуская моладзь? Як яна ставіцца да вайны ва Ўкраіне і да ўдзелу ў ёй беларускага войска? Ці мяняецца стаўленьне беларусаў да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House Рыгор Астапеня.

— У канцы траўня — на пачатку чэрвеня Chatham House правёў чарговае онлайн-апытаньне сярод гарадзкога насельніцтва, якое мае доступ да інтэрнэту. Апытвалася моладзь ва ўзросьце 18–35 гадоў.

Базавая характарыстыка, якой карыстаецца Chatham House, — гэта структура мэдыяспажываньня. Якія асаблівасьці мэдыяспажываньня моладзі? Чым яно адрозьніваецца ад медыяспажываньня ўсяго гарадзкога інтэрнэтызаванага насельніцтва, скажам, у вашым папярэднім, сакавіцкім апытаньні?

— Сярод усяго гарадзкога інтэрнэтызаванага насельніцтва 37% — аўдыторыя дзяржаўных СМІ, яны карыстаюцца менавіта гэтымі крыніцамі інфармацыі, а не незалежнымі крыніцамі. Сярод моладзі гэтая доля значна меншая — 22%.

Але незалежныя СМІ маюць прыкладна аднолькавую аўдыторыю як сярод усяго гарадзкога насельніцтва, так і сярод гарадзкой моладзі.

Тое самае тычыцца і зьмяшанай аўдыторыі — сярод усіх гараджанаў і сярод гарадзкой моладзі аднолькавыя долі тых, хто карыстаецца і дзяржаўнымі, і недзяржаўнымі мэдыя.

Чым яшчэ істотна адрозьніваецца моладзь ад насельніцтва ў цэлым, у сярэднім, — дык гэта доляй тых, хто не карыстаецца ніякімі мэдыя. Па сутнасьці, гэтыя людзі проста ня сочаць за тым, што адбываецца ў сьвеце і ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — у NATO: за і супраць. Дыскусія палітолягаў

— А як так атрымліваецца? Па ідэі, моладзь тэхнічна падкаваная, умее карыстацца рознымі тэхналёгіямі доступу да інфармацыі — ад Youtube да TikTok. А з вашых дадзеных атрымліваецца, што людзі сталага веку больш цікавяцца падзеямі ў сьвеце і краіне, чым моладзь. Як я зразумеў, асаблівасьць моладзі — ня большая цікавасьць да незалежных мэдыя, а большая апатыя? Так?

— У старэйшых пакаленьняў — большая вернасьць звыклым брэндам. Гэтыя людзі прызвычаіліся атрымліваць інфармацыю зь вядомых ім крыніц. А маладыя людзі больш прыхільная да сацыяльных сетак, Tiktok’у. І яны менш прывязаныя да рэдакцыяў канкрэтных мэдыя.

Такое спажываньне інфармацыі я б назваў безадказным. «Адкуль даведаўся?» — «З сацсеткі». А адкуль інфармацыя зьявілася ў сацсетцы — з БТ ці з Радыё Свабода — частка моладзі на гэтым проста не засяроджваецца.

Многія маладыя людзі чытаюць і глядзяць тое, што ім падсоўвае ў сацсетках Яндэкс ці Гугл.

— Хто інфармацыйныя куміры беларускай моладзі? Паводле дадзеных вашага апытаньня, у паловы яе такіх няма ўвогуле. Але ў другой паловы — амаль спрэс расейцы: Уладзімір Салаўёў, Максім Кац ды іншыя. Пра што гэта сьведчыць?

— Беларусь — расейская інфармацыйная калёнія. Але, няглядзячы на гэта, як і на аўтарытарны рэжым у краіне, беларуская моладзь адносна здаровая. Але дамінаваньне расейскага мэдыякантэксту відавочнае. Можна спаслацца на вашу, Юры, ацэнку ролі Максіма Каца ў беларускай рэвалюцыі 2020 году. Ён быў адным з мэдыйных яе лідэраў. Гэта досыць унікальная рэч у сьвеце, прынамсі на постсавецкай прасторы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі пашпарт Сахашчыка. І Кац як «Арастовіч беларускай рэвалюцыі»

У топе куміраў маладых беларусаў некаторыя асобы, якія штодня мільгаюць на экране тэлевізара, скажам, той жа Ўладзімір Салаўёў. І многія беларусы бачаць яго ў тэлевізары штодзень усё сваё жыцьцё.

Але з улікам патэрнаў успрыняцьця моладзі яна можа проста не запамінаць імёны людзей, якіх бачыць на экране. Гледзячы стрымы Сяргея Чалага і Арцёма Шрайбмана, многія маладыя людзі іх не адрозьніваюць.

— Чым вылучаюцца геапалітычныя перавагі моладзі і ўсяго насельніцтва? Ці кардынальна яны адрозьніваюцца? Найстарэйшаму рэспандэнту вашага апошняга апытаньня было 3 гады, калі распаўся СССР, пераважная большасьць нарадзілася ў незалежнай Беларусі. Як яны вырашаюць пытаньне выбару паміж Эўропай і Расеяй?

— Сярод моладзі больш тых, хто выбірае нэўтральныя варыянты: альбо абсурдны варыянт адначаснага сяброўства ў саюзе з Расеяй і ў ЭЗ, альбо быць па-за саюзамі. Маладыя людзі пераважна выбіраюць гэтыя варыянты. Разам з тым было б наіўна гаварыць, што ў моладзі няма прарасейскага сантымэнту. 30% маладых беларусаў — за саюз з Расеяй, у якім Беларусь цяпер і знаходзіцца. Але гэта прыкметна менш, чым сярод гарадзкога насельніцтва ў цэлым.

Шмат гадоў існавала думка, што новыя пакаленьні беларусаў больш праэўрапейскія. У пэўнай ступені гэта сапраўды так.

— А вось гэты сантымэнт да Расеі ў моладзі — ён навеяны Салаўёвым ці Кацам?

— У тым і справа, што абодвума. Некаторыя маладыя людзі глядзяць на Расею як на свой арыенцір, слухаючы Каца ці Варламава. Гэта прыводзіць да таго, што беларусы не зьяўляюцца, скажам далікатна, русафобамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы супраць ядзернай зброі ў сваёй краіне — вынікі апытаньня Chatham House

— Наступнае пытаньне, палітычна больш вострае, — пра стаўленьне да ваенных дзеяньняў РФ ва Ўкраіне, з боку моладзі і ўсяго насельніцтва. Chatham House задаваў гэтае пытаньне з самага пачатку вайны. У чым асаблівасьць адказаў моладзі на гэтае пытаньне?

— Сярод моладзі значна менш падтрымкі ваенных дзеяньняў Расеі, чым сярод насельніцтва ў цэлым. Сярод усіх інтэрнэтызаваных гараджанаў гэтая падтрымка складае прыкладна 30–33%, сярод моладзі — 18%. Каля паловы маладых рэспандэнтаў выразна не падтрымліваюць гэтыя дзеяньні РФ. Сярод моладзі больш, чым у грамадзтве ў цэлым, тых, хто ўхіляецца ад адказу на гэтае пытаньне.

У моладзі больш неразуменьня таго, што там адбываецца. Беларуская моладзь у большай ступені, чым насельніцтва ў цэлым, антываенная, антыкрамлёўская. Але ладная яе частка ня можа даць пэўнага адказу. Гэта можна патлумачыць фактарам страху, які заўсёды прысутнічае пры апытаньнях у Беларусі.

Але, як паказваюць шматлікія мэтадалягічныя экспэрымэнты па выключэньні ўплыву гэтага фактару, лічбы кардынальна не зьмяніліся б, калі б гэты фактар і ня дзейнічаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вычарпаньне прапаганды — высновы апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні

— Паводле вашага апытаньня, станоўчая ацэнка ваенных дзеяньняў РФ сярод моладзі — 18% (адмоўная ацэнка — 50%). У той жа час перавага саюзу з РФ перад сяброўствам у ЭЗ — 30%, саюзу з РФ і адначасна ўступленьня ў ЭЗ — яшчэ 27% (агулам за саюз з РФ — 57%). Як адно стасуецца з другім?

Такі разрыў не патлумачыш фактарам страху. Па ідэі, больш небясьпечна сказаць, што не ўхваляеш ваенныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, чым сказаць, што супраць саюзу з РФ.

— Стаўленьне беларусаў да Расеі — гэта заўсёды матрошка, дзе ўнутры адной — такая ж, але меншая. Скажам, наагул пазытыўнае стаўленьне да Расеі дэкляруюць каля дзьвюх трацінаў апытаных. За саюз з Расеяй ужо меншая доля рэспандэнтаў. Калі мы пытаемся пра разьмяшчэньне ядзернай зброі, за гэта яшчэ менш. Ухваленьне дзеяньняў Расеі ў вайне ва Ўкраіне яшчэ ніжэйшае. На пытаньне, ці хочаце вы, каб Беларусь увайшла ў склад РФ, станоўчых адказаў зусім вобмаль.

Гэта шырокі спэктар стаўленьня. Чым у большай ступені пытаньне тычыцца яднаньня лёсу з Расеяй, тым менш тых, хто гэта ўхваляе.

— У мінулым годзе сэнсацыяй сталі вашыя дадзеныя, атрыманыя празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны: за ўдзел беларускага войска ў вайне з Украінай на баку Расеі — 3% гарадзкіх інтэрнэтызаваных беларусаў.

Што наконт моладзі? Што думае яна пра варыянты паводзінаў Беларусі ў вайне? І зноў жа — у параўнаньні з насельніцтвам у цэлым.

— Ёсьць дзьве пераважныя опцыі. Першая — гэта нэўтралітэт. Адносная большасьць рэспандэнтаў за гэта. І другі папулярны варыянт адказу: адмова ад пэўнага адказу.

І траціна — гэта ўсе варыянты, якія прадугледжваюць прыхільнасьць да аднаго з бакоў.

Гарадзкая моладзь у параўнаньні з гараджанамі агулам — у большай ступені за нэўтралітэт і менш схільная да любых формаў падтрымкі Расеі ў вайне.

Рэпрэзэнтатыўнае апытаньне Беларускай аналітычнай майстэрні, чэрвень 2023

— На працягу адносна доўгага часу апытаньні Chatham House паказвалі, што прыхільнікі разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі складаюць сярод інтэрнэтызаваных гараджанаў прыкладна 20%. Ужо ў вашым сакавіцкім апытаньні назіраўся невялічкі рост гэтай долі — да 25%. Чэрвеньскае апытаньне Беларускай аналітычнай майстэрні ў апытаньні ўсяго дарослага насельніцтва зафіксавала падтрымку разьмяшчэньня ТЯЗ у краіне на ўзроўні 35%.

Нарэшце, дадзеныя вашага апошняга апытаньня сярод моладзі таксама зафіксавалі рост долі тых, хто «палюбіў атамную бомбу».

Рост і сапраўды адбыўся, ці гэта флюктуацыі, ваганьні?

— Дакладней можна будзе адказаць, калі пройдзе больш часу і будуць наступныя апытаньні. Але, мяркую, можна выказаць здагадку, што прапаганда ўсё ж знаходзіць сваіх спажыўцоў і мае пэўны плён. Дзяржаўныя і калядзяржаўныя мэдыя ўвесь час гавораць, што расейская ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі — гэта ледзь не адзіная магчымасьць гарантаваць бясьпеку краіны. І пэўная колькасьць беларусаў гэтаму верыць.

Рост прыхільнікаў разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі будзе абмежаваны. Немагчыма пераканаць у гэтым большасьць.

Ёсьць яшчэ адзін чыньнік, які спрыяе гэтаму росту, — тое, што ў пэўным сэнсе факт ужо адбыўся. І некаторыя мяркуюць, што калі гэта непазьбежна і нават ужо адбылося, то ня варта гэтаму пярэчыць. Пэўная частка грамадзтва ня можа жыць увесь час у нязгодзе з рэчаіснасьцю.

— Але з другога боку, на графіку відаць, што нават сярод тых маладых людзей, якія спажываюць выключна дзяржаўныя мэдыя, невялічкая большасьць — супраць расейскай ТЯЗ у Беларусі.

Дык, значыць, нават сваю верную аўдыторыю прапаганда ня ў стане пераканаць у гэтым пытаньні? Атрымліваецца, што яна не ўсемагутная?

— Так, не ўсмагутная. Прапагандзе складана пераконваць людзей ва ўсіх сваіх пастулятах. Асабліва тады, калі гэта супярэчыць таму, што доўга гаварылася раней. Зусім нядаўна ў Канстытуцыі зьмяшчалася дэклярацыя аб бязьядзерным статусе краіны. У 90-я адной з галоўных міжнародных ініцыятываў Беларусі была ідэя бязьядзернай зоны ў рэгіёне. Прапагандзе складана зламаць гэты трэнд, пераканаць, што цяпер мы павінны палюбіць ядзерную зброю.