Кіраўніка ПВК «Вагнэр» Прыгожына заўважылі на форуме з удзелам Пуціна

Яўгеній Прыгожын, архіўнае фота

Ён знаходзіцца на форуме Расея — Афрыка.

Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, які ўчыніў у канцы чэрвеня спробу збройнага мяцяжу, знаходзіцца на саміце з удзелам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Кіраўнік «Расейскага дому» ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы Дзьмітрый Сыты апублікаваў фатаграфію Прыгожына з прадстаўніком ЦАР. Па словах Сытага, здымак зроблены на саміце Расея — Афрыка, які праходзіць сёньня ў Санкт-Пецярбургу.

У сваім выступленьні на мерапрыемстве расейскі прэзыдэнт паведаміў, што Расея гатовая на працягу трох-чатырох месяцаў паставіць у некалькі краін Афрыкі бясплатна па 25–50 тысяч тон збожжа.

На гэты момант частка байцоў прыватнай вайсковай кампаніі Прыгожына месьціцца ў лягеры каля вёскі Цэль, а таксама на некаторых палігонах Беларусі. Баевікі ПВК праводзяць навучаньне беларускіх вайскоўцаў. Заўважалі пад Асіповічамі і самога Прыгожына.

У Афрыцы Расея мае свае інтарэсы, баевікі «Вагнэра» дзейнічалі ў Малі, ЦАР і некаторых іншых афрыканскіх краінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падазроны набытак Лукашэнкі. Навошта беларускія ўлады спрабуюць стварыць станоўчы вобраз «чалавека з кувалдай»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны расьсьледніцкі праект расказаў, хто ачоліў «Вагнэр» у Беларусі