Падазроны набытак Лукашэнкі. Навошта беларускія ўлады спрабуюць стварыць станоўчы вобраз «чалавека з кувалдай»

Найміты з ПВК «Вагнэр» у Беларусі — гэта для рэжыму Лукашэнкі не набытак, а хутчэй выклік, пагроза і праблема. Даводзіцца на хаду прыдумляць нейкае ўцямнае тлумачэньне сэнсу знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі гэтай падазронай публікі з сумнеўнай рэпутацыяй, якое задаволіла б прыхільнікаў Лукашэнкі, дзяржапарат, сілавікоў і ўвогуле грамадзтва.

Сьцісла:

  • У СМІ актыўна абмяркоўваецца пытаньне, у чым сэнс перадысьлякацыі вагнэраўцаў на беларускую тэрыторыю.
  • Выглядае, што дакладнага адказу на пытаньне, навошта ПВК перамясьцілася ў Беларусь, сёньня няма і ў самога Лукашэнкі.
  • Рэпутацыя гэтых наймітаў сярод беларускай публікі нэгатыўная.
  • Лукашэнка, беларускія ўлады імкнуцца ствараць пазытыўны вобраз вагнэраўцаў.
  • Кіраўнікам сілавых структураў даручана выступіць у нязвыклай ролі іміджмэйкераў, каб стварыць прывабнае аблічча расейскім наймітам.

Пакуль замежныя палітыкі і экспэрты асэнсоўваюць пагрозы Аляксандра Лукашэнкі, які папярэдзіў пра намер наймітаў ПВК «Вагнэр» зладзіць «экскурсію» ў Варшаву і Жэшаў, у Беларусь прыбываюць усё новыя калёны гэтай кампаніі. Паводле непацьверджанай інфармацыі, чакаецца прыезд сюды да 10 тысяч баевікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня менш за 750 адзінак тэхнікі знаходзіцца ў лягеры вагнэраўцаў каля Асіповічаў. ФОТА

У СМІ актыўна абмяркоўваецца пытаньне, у чым сэнс перадысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусь, якія таемныя пляны Масквы ці Менску яны павінны рэалізаваць. Гучыць шмат кансьпіралягічных вэрсій пра магчымае выкарыстаньне іх ці то для правакацый супраць Польшчы, ці то для прарыву «Сувальскага калідора», ці то для нападу на Ўкраіну з поўначы, ці то для аховы Аляксандра Лукашэнкі, ці то нават для яго зьвяржэньня.

І асобнае пытаньне: навошта гэта патрэбна Лукашэнку?

Самае дзіўнае палягае ў тым, што дакладнага адказу на гэтае пытаньне сёньня няма і ў самога Лукашэнкі. Цалкам зразумела, навошта гэта патрэбна Ўладзіміру Пуціну. Яму было важна як мага хутчэй выціснуць з тэрыторыі Расеі арганізацыю, якая стварыла яму шмат праблем. А вось з Лукашэнкам усё складаней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найміты ПВК «Вагнэра» прыехалі да дзяцей з вайскова-патрыятычнага клюбу «Рысь» у Менску

Тут злы жарт зь ім згуляла асаблівасьць ягонага палітычнага стылю. Ён рэдка падрабязна і дакладна пралічвае доўгатэрміновыя наступствы сваіх дзеяньняў: кіруецца хутчэй інтуіцыяй, выкарыстоўвае тактыку: вырашаць праблемы па меры іх паступленьня. У дадзеным выпадку Лукашэнка кіраваўся такой лёгікай: спачатку атрымаць дывідэнды ад свайго ўдзелу ў вырашэньні палітычнага крызісу ў Расеі (што прадугледжвала перадысьлякацыю ПВК «Вагнэр» у Беларусь), а потым ужо думаць пра наступствы.

І вось цяпер прыйшла пара задумацца пра гэтыя самыя наступствы. І высьвятляецца, што яны не зусім прыемныя. Што рабіць з гэтым «падарункам» ад Пуціна? ПВК «Вагнэр» у Беларусі — гэта не набытак, а хутчэй выклік, пагроза, праблема для самога рэжыму. Даводзіцца на хаду прыдумляць нейкае ўцямнае тлумачэньне сэнсу знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі гэтых баевікоў, якое задаволіла б менавіта прыхільнікаў Лукашэнкі, дзяржапарат, сілавікоў ці нэўтральных абывацеляў. (Што думаюць ягоныя праціўнікі, яго даўно не цікавіць).

Справа ў тым, што рэпутацыя гэтых наймітаў сярод беларускай публікі нэгатыўная. Гэта людзі, якія ваююць не за ідэю, не абараняючы радзіму, а за грошы. Нагадаю, што паводле беларускага заканадаўства наёмніцтва зьяўляецца крымінальным злачынствам. Пасьля 2014 году некаторых наймітаў, якія ваявалі на Данбасе (прычым з абодвух бакоў), у Беларусі пасадзілі за краты. Да таго ж вагнэраўцы паднялі мяцеж супраць Пуціна, а згодна з уяўленьнямі прыхільнікаў Лукашэнкі любая ўлада сакральная, і выступ супраць яе, ды яшчэ са зброяй у руках, — гэта злачынства. Шмат пісалі, як у ПВК «Вагнэр» набіраюць крымінальнікаў з расейскіх турмаў. Гісторыя пра кувалду, якою вагнэраўцы забіваюць нязгодных, стала мэмам. Расейскія дзяржаўныя мэдыя ўжо месяц выкрываюць вагнэраўцаў як здраднікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вагнэраўцы пачалі падрыхтоўку сапэраў, хімікаў, а таксама байцоў унутраных войскаў Беларусі

І вось цяпер гэтая публіка ў складзе некалькіх тысяч байцоў перамяшчаецца ў Беларусь. Для іх тут, нібы для ганаровых гасьцей, беларускія ўлады стварылі адмысловы лягер. Welcome! Зразумела, чаму абывацелі, нават прыхільнікі Лукашэнкі, зьбянтэжаныя. Ператварэньне краіны ў крымінальны адстойнік — гэта цяпер і ёсьць новы вобраз Беларусі?

Для самога Лукашэнкі нэгатыўны вобраз вагнэраўцаў не складае нейкай праблемы. Не выклікае сумневу, што гэта людзі ідэйна і каштоўнасна блізкія яму. Не выпадкова ён падчас суботніка падараваў Рыгору Азаронку кувалду, якая стала сымбалем ПВК «Вагнэр». Маўляў, нашы мэтады барацьбы з ворагамі супадаюць з вагнэраўскімі.

Аднак цяпер ён разумее ўсю далікатнасьць сытуацыі. І спрабуе яе неяк зьмікшаваць. Можна сказаць, што ён пачаў ствараць пазытыўны вобраз вагнэраўцаў адразу пасьля мяцяжу. У сваім выступе 27 чэрвеня Лукашэнка казаў пра ПВК «Вагнэр»: «Гэта самая падрыхтаваная ў войску адзінка. Хто з гэтым будзе спрачацца?.. Хто такі Прыгожын? Гэта вельмі аўтарытэтны сёньня чалавек ва ўзброеных сілах. Як бы камусьці гэтага ні хацелася». І потым некалькі разоў даводзіў: маўляў, што дрэннага, калі камандзіры зь вялікім досьведам вайны будуць вучыць беларускіх вайскоўцаў? З кім спрачаецца Лукашэнка, хто лічыць, што гэта дрэнна? Падчас нядаўняй сустрэчы з Пуціным у Санкт-Пецярбургу ён спрабаваў выставіць вагнэраўцаў у ролі дадатковага шчыта абароны Саюзнай дзяржавы ад «польскіх агрэсараў».

Беларускія дзяржаўныя мэдыя атрымалі заданьне абяляць нэгатыўны вобраз вагнэраўцаў. Але ім даводзіцца гэта рабіць насуперак расейскім прапагандысцкім тэлеканалам, якія ўсяляк ганьбяць гэтую ПВК.

Асаблівую актыўнасьць у піяраўскім пляне праяўляюць сілавыя структуры. Іх кіраўнікам даручана выступіць у нязвыклай для іх ролі іміджмэйкераў, каб стварыць нейкае прывабнае аблічча расейскім наймітам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе ў Беларусі бачылі наймітаў ПВК «Вагнэр». МАПА

Спачатку Міністэрства абароны паведаміла, што вагнэраўцы трэнуюць у Беларусі падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў. Аднак хутка стала зразумела, што гэтая вэрсія выглядае неяк штучна. І цяпер яно даводзіць, што «да рэалізацыі дарожнай мапы сумеснай падрыхтоўкі прыступілі ня толькі падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый і мэханізаваных падразьдзяленьняў, але і часткі і падразьдзяленьні інжынэрных войскаў, войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны, а таксама сувязі». То бок, аказваецца вагнэраўцы — адмыслоўцы шырокага профілю: яны і хімікі, і інжынэры, і сувязісты.

Асаблівую цікавасьць выклікае тое, як вагнэраўцы «дзеляцца досьведам» з супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў. З прадстаўнікамі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» сустрэўся кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў. Намесьнік камандуючага ўнутранымі войскамі Беларусі Сяргей Грабеньнікаў назваў вагнэраўцаў «дысцыплінаванымі і матываванымі байцамі» і заявіў, што найміты ПВК пачалі разам з вайскоўцамі ўнутраных сіл Беларусі супольную падрыхтоўку. Атрымоўваецца, што вагнэраўцы — адмыслоўцы і ў тэме змаганьня з грамадзкімі пратэстамі? Досьвед выкарыстаньня кувалды тут, відаць, вельмі дарэчы.