Беларусь стала арэнай зацяжнога масавага гвалту, «агульная колькасьць ахвяраў рэпрэсіяў і тэрору ужо перавышае 136 тысячаў чалавек», гаворыцца ў дакладзе Цэнтру права і дэмакратыі Justice Hub «Адказнасьць за злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі: фактычныя дадзеныя і прававы аналіз».
Дакумэнт зьяўляецца падрабязным юрыдычным аналізам «сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам і беларускімі ўладамі ў пэрыяд з траўня 2020-га па травень 2023 году» і адрасаваны «перш за ўсё палітыкам, сьледчым і праваабарончым арганізацыям для спрыяньня ў распрацоўцы эфэктыўных мераў рэагаваньня на злачынствы». Аўтары маюць намер перадаць яго ў міжнародныя арганізацыі, Міжнародны крымінальны суд і пракуратуру Літвы, каб паскорыць прыцягненьне рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка анансаваў новае расьсьледаваньне супраць рэжыму Лукашэнкі ў рамках міжнародных мэханізмаў правасудзьдзяУ справаздачы робіцца выснова: ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што «з траўня 2020 году беларускімі ўладамі былі ўчыненыя злачынствы супраць чалавечнасьці ў дачыненьні насельніцтва».
Аўтары лічаць дастатковым меркаваць, што ў краіне «ўчыняюцца наступныя злачынствы супраць чалавечнасьці: пазбаўленьне волі, катаваньні, забойствы, згвалтаваньні і іншыя цяжкія формы сэксуальнага гвалту, гвалтоўныя зьнікненьні, перасьлед і дэпартацыя». Асобна аўтары аналізуюць міграцыйны крызіс на мяжы ЭЗ і Беларусі, робячы выснову, што ўцекачы і мігранты таксама зьяўляюцца ахвярамі беларускіх уладаў і што гвалт, які яны зазнаюць, «цалкам можа кваліфікавацца як злачынствы супраць чалавечнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу ААН — сваякам беларускіх палітвязьняў: «Ня трэба здавацца, адказнасьць за парушэньні правоў чалавека наступіць»Таксама экспэрты ўпэўненыя, што Беларусь знаходзіцца ў сытуацыі, калі трэба стварыць адмысловы трыбунал для вырашэньня праблемы беспакаранасьці за ўчыненыя ўладамі злачынствы, таму што «існая цяпер прававая база пакідае вялікі прабел у пляне беспакаранасьці». Экспэрты прапануюць варыянты пашырэньня прававой базы мэханізмам, які дазволіў бы прыцягнуць улады да адказнасьці за гэтыя злачынствы.
У дакладзе адзначаецца шырокае кола патэнцыйных злачынцаў, падкрэсьліваецца асаблівая роля пракурораў і судзьдзяў у перасьледзе грамадзян з палітычных матываў.
Аўтарамі дакладу выступілі экспэрты Цэнтру права і дэмакратыі Justice Hub Марыке дэ Хун, Андрэй Васільеў і Марыя Колесава-Гудзіліна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cпэцдакладчыца ААН: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі катастрафічная і толькі пагаршаеццаЦэнтар права і дэмакратыі Justice Hub заснаваны ў 2021 годзе ў Вільні. Яго задача — спрыяць дэмакратычным рэформам у Беларусі і падтрымліваць ахвяраў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў рэалізацыі мэханізму ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, дапамагаючы падаваць справы ў літоўскую пракуратуру.