У рамках гэтай справы чатырох беларусаў — Вадзіма Багаўкова, Максіма Зуева, Аляксандра Напрэенку і Сяргея Рабушку — абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці або варажнечы) і ч. 3 арт. 218 Крымінальнага кодэксу Беларусі (наўмыснае пашкоджаньне чужой маёмасьці, якое прывяло да прычыненьня шкоды ў асабліва буйным памеры).
Зуеву і Багаўкову таксама інкрымінавалі ч. 1 арт. 366 КК (гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі).
Усе чацьвёра цяпер па-за межамі Беларусі, іх будуць судзіць завочна.
«На маёмасьць абвінавачаных, якая знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь, наклалі арышт у суме 73,5 тысячы рублёў», — гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт адкрыў справу ў дачыненьні да чатырох чалавек за інцыдэнт каля амбасады ў ЛёнданеУ матэрыялах справы сьцьвярджаецца, што абвінавачваныя «ў стане алькагольнага ап’яненьня, дзейнічаючы з матываў палітычнай і ідэалягічнай варожасьці», разьмясьцілі ля ўваходу ў будынак беларускай амбасады ў Лёндане «інсталяцыю абразьлівага зьместу», а пасьля закідалі сырымі курынымі яйкамі фасад будынку. Па прыбыцьці трох супрацоўнікаў амбасады абвінавачаныя «вэрбальна абразілі іх», а потым нібыта «ўжылі да іх фізычны гвалт, у выніку чаго нанесьлі пацярпелым цялесныя пашкоджаньні і пабоі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне навіна пра завочны суд выклікала сьмех і сарказм». Пагутарылі зь беларусам у Лёндане, якому на Радзіме пагражае вялікі тэрмін- 19 сьнежня 2021 году ў Лёндане праходзіла традыцыйная акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Паводле дамовы зь мясцовай паліцыяй пратэст супраць дзеяньняў беларускай улады можна было выказваць каля амбасады з 13:30 да 15:30. Канфлікт здарыўся ўжо пасьля акцыі. Кампанія беларусаў купіла ў краме і паставіла пад брамку амбасады ёршык для прыбіральні, сродак для мыцьця прыбіральні і зубную пасту са шчоткай. Як сказаў Свабодзе Максім Зуеў, ён яшчэ кінуў у амбасаду яйкі.
- Калі ўдзельнікі пратэсту зноў падышлі да амбасады, там ужо стаялі яе супрацоўнікі. Завязаўся канфлікт, які перарос у «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні». Паводле МЗС Беларусі, адзін з супрацоўнікаў амбасады атрымаў «пералом носа, страсеньне мозгу і траўматычны пералом зуба». Максім Зуеў сьцьвярджае, што даў поўху аднаму з супрацоўнікаў, але, калі прыехала паліцыя, «выйшаў зусім іншы зьнешнім выглядам супрацоўнік амбасады, у якога была кроў на твары, але ня той, каму ён даў поўху».