Юрый Ушакоў, памочнік расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, паведаміў, што на саміце Расея — Афрыка, які адбудзецца 27–28 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу, толькі 17 з 49 краін Афрыкі будуць прадстаўленыя кіраўнікамі дзяржаў.
Як паведаміла выданьне The Moscow Times, празь зьмяншэньне колькасьці ўдзельнікаў працягласьць форуму скарацілі да двух дзён. Для параўнаньня, першы саміт Расея — Афрыка, які праходзіў у Сочы ў 2019 годзе, працягваўся чатыры дні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ПАР пра магчымы арышт Пуціна: «Мы ўсьведамляем свае юрыдычныя абавязаньні»Дэлегацыі 10 афрыканскіх краін узначаляць кіраўнікі ўрадаў, а амаль палова запрошаных удзельнікаў накіруюць у Санкт-Пецярбург дэлегацыі яшчэ ніжэйшага ўзроўню.
Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што афрыканскія лідэры адмаўляюцца ад удзелу ў саміце пад ціскам Францыі і ЗША.
«Трэба асудзіць пазыцыю ЗША, Францыі і іншых дзяржаў. Яны адбіраюць у афрыканскіх дзяржаў сувэрэннае права выбіраць сабе партнэраў», — заявіў Пяскоў журналістам.
Саміт Расея — Афрыка праходзіць другі раз. У першым саміце ў 2019 годзе ўдзельнічалі ўсе афрыканскія краіны. Тады расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін абяцаў краінам Афрыкі павялічыць таваразварот удвая — да 40 мільярдаў даляраў. Аднак фактычна аб’ёмы гандлю за гэтыя гады зьнізіліся да 18 мільярдаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўднёвая Афрыка пастаўляла зброю Расеі, — амбасадар ЗША ў Прэторыі