Адной з апошніх акцый мастака пад назвай «Стварэньне куміра» стала ініцыятыва ўшанаваньня ў школах Смаленскай вобласьці нібыта новага героя Расеі — самога Ўладзіслава Бохана. Пра акцыю мастак-пранкер сам напісаў у сваім тэлеграм-канале.
Электронны ліст з заклікам правядзеньня акцый з фатаздымкам новага «героя Расеі» мастак паслаў на электронныя пошты навучальных устаноў Смаленшчыны. Супрацоўнікі школ пагадзіліся — на фоне сьцяны з партрэтамі ветэранаў ІІ сусьветнай вайны яны сфатаграфаваліся з аркушамі з надпісам «Уладзіслаў — наш герой» і фатаздымкам Бохана.
Паводле Бохана, асноўная мэта ягонай акцыі — «дасьледаваньне межаў абсурднага, за выкананьне якога гатовыя ўзяцца аб’екты майго творчага экспірыенсу».
Мастак нагадаў, што раней ён прымусіў былых калег з установы, у якой ён працаваў да арышту, абмяркоўваць папраўкі ў Канстытуцыю напярэдадні рэфэрэндуму ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі іранскія дроны для вайны з Украінай зьбіраюць непаўналетнія студэнты