Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі іранскія дроны для вайны з Украінай зьбіраюць непаўналетнія студэнты


Расейскі дрон. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі дрон. Ілюстрацыйнае фота

Студэнтаў каледжа ў Елабузе ў расейскім Татарстане прыцягваюць да зьбіраньня іранскіх бесьпілётнікаў «Шагед» на заводзе ў асаблівай эканамічнай зоне. Многія з рабочых непаўналетнія.

Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні журналістаў выданьня «Протокол» і ютуб-канала «РЗВРТ»

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў асаблівай эканамічнай зоне «Алабуга» ў Татарстане была арганізавана вытворчасьць ударных дронаў-камікадзэ, прынятых у Расеі на ўзбраеньне пад назвай «Герань-2». Іх зьбіраюць студэнты каледжа «Алабуга Палітэх», гаворыцца ў расьсьледаваньні. Сьцьвярджаецца, што з прыблізна адной тысячы студэнтаў каледжа некалькі сотняў ужо задзейнічаны ў зборцы.

Па словах студэнтаў, яны ня сьпяць па некалькі сутак і практычна не ядуць, каб працаваць на вытворчасьці. Аднак адмовіцца ад зборкі дронаў нельга, сьцьвярджаюць яны. Праца, тым ня менш, аплачваецца: паводле зьвестак журналістаў, зборшчыкі атрымліваюць 30-40 тысяч расейскіх рублёў за месяц.

Бунтаваць або выказваць незадаволенасьць студэнты «Алабуга Палітэха» баяцца, гаворыцца ў расьсьледаваньні. Згодна з дамовай аб навучаньні, яны ня маюць права апублічваць якую-небудзь інфармацыю. За парушэньне патрабаваньняў давядзецца выплаціць паўтара-два мільёны рублёў. Уцячы таксама не атрымаецца: дагавор трохбаковы і ў выпадку зьнікненьня студэнта давядзецца заплаціць яго бацькам.

Афіцыйнае адкрыцьцё каледжа «Алабуга Палітэх» адбылося ў красавіку 2021 году. Адукацыйную ўстанову прэзэнтавалі як кузьню кадраў для будучых «Іланаў Маскоў». Яна абяцае студэнтам магчымасьць асвоіць «прафэсіі будучыні» і зарабляць да 70 тысяч рублёў за месяц ужо на першым курсе.

У расьсьледаваньні гаворыцца, што сярод студэнтаў рэгулярна праводзяць спаборніцтвы ў пэйнтболе, мэта якіх — «адсеяць слабакоў і саплякоў на першапачатковым этапе». Тых, хто прайграваў, каралі, сказана ў расьсьледаваньні. Часьцей за ўсё гэта быў «расстрэл» з адлегласьці некалькіх мэтраў пэйнтбольнымі шарыкамі, якія прычыняюць боль і пакідаюць сінякі. Але былі і іншыя варыянты пакараньняў, пішуць журналісты, напрыклад працяглы бег вакол навучальнага корпуса пад дажджом, каб «павысіць цягавітасьць», ці капаньне акопаў.

Многія навучэнцы ўпэўненыя, што іх праслухоўваюць у памяшканьнях каледжа. Па іх словах, ужо здараліся адлічэньні за распаўсюд інфармацыі, калі нехта дзяліўся тым, што адбываецца, у гутарках зь сябрамі.

«Тут поўны капец», — сказаў адзін са студэнтаў журналістам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG