Паважаць дзяржаўныя сымбалі, не парушаць парадку. Міністэрства спорту і турызму зацьвердзіла патрабаваньні для гідаў

Мастацтвазнаўца і экскурсавод Мікіта Моніч падчас экскурсіі ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, 13 сакавіка 2019. Ілюстрацыйнае фота

Усяго ў дакумэнце 21 патрабаваньне.

Пастанову Міністэрства спорту і турызму з новымі патрабаваньнямі для экскурсаводаў апублікавалі на Нацыянальным прававым партале Беларусі.

Згодна зь іх зьместам, экскурсаводам цяпер трэба, сярод іншага:

  • праяўляць павагу да дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь, гісторыі разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці;
  • фармаваць уяўленьне аб Рэспубліцы Беларусь як аб краіне, прывабнай для турыстаў, экскурсантаў, не дапускаць пры правядзеньні экскурсій суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказваньняў аб Рэспубліцы Беларусь і іншых дзяржавах, а таксама рабіць захады для недапушчэньня з боку турыстаў, экскурсантаў або іншых асоб некарэктных, правакацыйных і іншых нэгатыўных выказваньняў ці дзеяньняў;
  • прытрымлівацца агульнапрынятых этычных нормаў, падтрымліваць гонар і годнасьць сваёй прафэсіі, а таксама асабістыя гонар і годнасьць;
  • не дапускаць дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак або праяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадзтва;
  • забясьпечваць пераклад тэксту экскурсіі на замежную мову або з замежнай мовы без скажэньня сэнсу;
  • пры правядзеньні экскурсіі гіды павінны мець пры сабе бэйдж экскурсавода і сьпіс экскурсій, па якіх пройдзена атэстацыя.

За апошні год палітычны ціск на экскурсаводаў павялічыўся.

З 2023 году, згодна зь леташнім рашэньнем Савету міністраў, у Беларусі асоб з судзімасьцю паводле «пратэставых» і «палітычных» артыкулаў не дапускаюць да атэстацыі, якая пацьвярджае кваліфікацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Летась у сьнежні 2022 года экскурсаводку Аксану Манкевіч пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі» паводле артыкулу аб грубым парушэньні парадку (342 КК). Месяцам раней за гэта 2,5 гадамі «хатняй хіміі» пакаралі таксама экскурсавода Ігара Хмару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх экскурсаводаў, якіх затрымлівалі ў адміністрацыйных справах, пазбаўляюць пасьведчаньняў