Сьцісла:
- У 2022 годзе беларускія ўлады атрымалі найбольшую матэрыяльную падтрымку ад Расеі ў самых розных формах.
- Беларусы становяцца закладнікамі, і ўсе расейскія праблемы становяцца праблемамі беларусаў.
- Фактычна Беларусь ператвараецца ў краіну ўчорашняга дня.
— Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з Уладзімерам Пуціным у Маскве зноў, ужо ня першы раз, паўтарыў тэзіс пра тое, што Беларусь і Расея павінны выжываць эканамічна асобна, фактычна ва ўмовах ізаляцыі. Цікава, што Пуцін ніколі не падхопліваў гэты тэзіс — звычайна моўчкі яго выслухоўваў. Гэтым Лукашэнка нібыта намякае, што Расея павінна аплачваць тыя выдаткі, якія нясе беларуская эканоміка з прычыны санкцыяў і зьмяншэньня экспарту на Захад?
— Магчыма. Дапускаю, што гэта прамы намёк на тое, што добра было б яшчэ больш атрымліваць ад Масквы. Але, хутчэй, гэта проста канстатацыя таго факту, што Беларусь цяпер ізаляваная і татальна залежыць ад Расеі па ўсіх франтах.
— Беларуская эканоміка, сапраўды, вельмі актыўна пераарыентоўваецца на Расею. Ці ўдаецца гэта зрабіць без істотных стратаў, ці кампэнсуе расейскі вэктар зьмяншэньне гандлю з Эўразьвязам?
— Калі гаварыць пра так званыя «кампэнсатары», то я б падзяліў іх на 2 групы. Першая — гэта ўласна дапамога Расеі, другая — гэта тое, што можна назваць «пашанцавала».
Спад, зафіксаваны летась, быў, сапраўды, не такі вялікі, як можна было чакаць. Бо пашанцавала: была даволі прывабная цэнавая каньюнктура ў сьвеце (цяпер гэта ўжо мяняецца), і, адпаведна, хаця б на нейкім узроўні падтрымліваць экспарт калійных угнаеньняў і рэанімаваць экспарт нафтапрадуктаў было прасьцей.
Другое — рост цэнавай канкурэнтаздольнасьці на расейскім рынку. Гэта адбылося дзякуючы ўмацаваньню расейскага рубля, якое назіралася ў 2022 годзе, таму даходы беларускіх вытворцаў вырасьлі. Пры тых самых выдатках яны прадавалі сваю прадукцыю на расейскіх рынках па большых цэнах (у далярах).
І трэцяе — гэта ўваскрашэньне, аднаўленьне «нафтавай рэнты». У кантракт была ўнесена ўмова, што кошт прывязаны да расейскага гатунку нафты Urals. Расейская нафта ў выніку санкцыяў моцна ўпала ў цане. І склалася сытуацыя, пры якой Беларусь змагла набываць больш танную нафту ў Расеі і прадаваць нафтапрадукты па рынкавым кошце.
І іншыя формы падтрымкі — нізкая цана на газ, пашыраны доступ на расейскі рынак, рэструктурызацыя дзяржаўных пазыкаў ды іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь чакае павышэньне пэнсійнага ўзросту, скарачэньне дзяржрасходаў, праца на пэнсіі. Экспэртка — пра наступствы масавай эміграцыі— Усё гэта, як было падлічана, у 2022 годзе агулам склала каля 15 мільярдаў даляраў прамой і ўскоснай падтрымкі Расеі. Ці можа гэта працягвацца і ў 2023 годзе?
— Такія лічбы заўсёды маюць пэўны ўмоўны характар. Большая частка гэтай лічбы — цэны на газ. На сусьветным рынку яны ў 2022 годзе скокнулі да нябёсаў, а Беларусь набывала яго вельмі танна. Я пагаджуся з тэзісам, што ў гісторыі незалежнай Беларусі менавіта ў 2022 годзе ўлады атрымалі найбольшую матэрыяльную падтрымку ад Расеі ў самых розных формах.
— Што тычыцца працэсу пераарыентацыі беларускага гандлю на ўсходні кірунак — ці ёсьць нейкія посьпехі ў гандлі зь іншымі кранамі, акрамя Расеі?
— З той абмежаванай статыстычнай інфармацыі, якую мы маем, можна меркаваць, што посьпехаў амаль няма. Доля ўсходніх краінаў расьце — але гэта выключна аўтаматычна, за кошт скарачэньня долі Эўразьвязу і Ўкраіны. Але галоўным кампэнсатарам выступала, безумоўна, Расея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падаражэла нават гарэлка. На што ў Беларусі найбольш вырасла цана з пачатку году— У самой Расеі вясной гэтага году даволі радыкальна зьніжаліся даходы бюджэту ў выніку падзеньня даходаў ад продажу нафты і газу. Наколькі гэта стратэгічны трэнд?
— Гэта вельмі важны стратэгічны трэнд, які фармуецца. Я думаю, што зьніжэньне нафтагазавых даходаў будзе толькі набіраць абароты. Але трэба разумець, што наступствы гэтага мы адчуем не імгненна. У Расеі ёсьць «падушка бясьпекі» — Фонд нацыянальнага дабрабыту — там даволі шмат грошай, як мінімум год яны могуць зьмякчаць гэтыя наступствы.
Але для Беларусі гэта вельмі яскравая сытуацыя залежнасьці ад адной краіны. Калі, як у 2022-м, попыт з гэтай краіны ўзрастае — гэта можа падштурхоўваць эканамічную актыўнасьць. Але як толькі сытуацыя там зьмяняецца, то мы становімся закладнікамі, і ўсе іхнія праблемы становяцца нашымі праблемамі. Гэта для Беларусі вельмі істотны выклік — і трэба голасна гаварыць пра гэтую залежнасьць ад Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BEROC: Беларуская эканоміка адаптуецца да санкцый— Які стратэгічны сэнс мае курс беларускай улады на самаізаляцыю? Як гэта паўплывае стратэгічна на беларускую эканоміку? Бо краіна пазбаўляецца інвэстыцыяў, заходніх тэхналёгіяў, плюс з краіны зьяжджаюць эканамічна актыўныя людзі.
— Стратэгічна сытуацыя выглядае жахліва. Я ня бачу магчымасьці зьмікшаваць такі эпітэт, бо гэта фактычна крыж на пэрспэктывах разьвіцьця. Беларусь у лепшым выпадку можа разьлічваць на стагнацыю. Стратэгічна мы аказваемся ў замкнёным коле. Стагнацыя, адсутнасьць росту — гэта найлепшы рэалістычны сцэнар.
Пры гэтым акно для патэнцыйнага падзеньня знаходзіцца вельмі глыбока. Калісьці, яшчэ ў 2010 годзе, у размове з чыноўнікам я пачуў такую фразу, што ў нас стратэгія — гэта погляд на некалькі кварталаў, тактыка кароткіх перабежак.
— Але яны могуць сказаць, што Захад — ня пуп Зямлі, можна ўзяць тэхналёгіі ў Расеі ці ў Кітаі.
— Сказаць могуць, але тое, што гэтыя тэхналёгіі адстаюць ад больш перадавых заходніх — ніхто пад сумнеў ня ставіць. Фактычна мы ператвараемся ў краіну ўчорашняга дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BEROC: Калі па выніках году ВУП Беларусі вырасьце на заплянаваныя 3,8%, інфляцыя можа скласьці каля 10,5%