У панядзелак увечары ізраільскі парлямэнт (Кнэсэт) ухваліў у канчатковым чытаньні першы закон у рамках судовай рэформы, супраць якой пратэставалі сотні тысяч чалавек па ўсёй краіне. Новы закон абмяжоўвае права Вярхоўнага суду адмяняць рашэньні, прынятыя ўрадам, які фармуецца з дэпутатаў.
Судзьдзі Вярхоўнага суду, якія знаходзяцца ў Нямеччыне, на чале са старшынёй Эстэр Хают перапынілі візыт, прымеркаваны да 75-годзьдзя дзяржавы Ізраіль, і экстрана вяртаюцца ў краіну, каб заняцца разглядам пазоваў, пададзеных супраць закону. На першым этапе суд, як чакаецца, вынесе часовую пастанову, якая прыпыняе дзеяньне закону, — да завяршэньня разгляду апэляцый па сутнасьці.
Калі Вярхоўны суд адменіць прыняты Кнэсэтам закон, то ў Ізраілі можа наступіць канстытуцыйны крызіс, калі кіруючая кааліцыя адмовіцца выконваць рашэньне судовых інстанцый. Пры гэтым, калі закон ня будзе адменены, то праціўнікі рэформы працягнуць масавыя пратэсты. Да іх можа далучыцца Гістадрут — ізраільскі прафсаюз.
Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньяху і яго саюзьнікі сьцьвярджаюць, што рэформа патрэбная для абмежаваньня празьмерных паўнамоцтваў судзьдзяў, якія не выбіраюцца. Крытыкі рэформы кажуць, што папраўкі ствараюць магчымасьці для злоўжываньняў уладай, прыбіраючы адзін зь нямногіх эфэктыўных мэханізмаў кантролю за ўрадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы ізраільцаў ідуць у Іерусалім маршам пратэсту супраць судовай рэформы. Тлумачым, чаму яны пратэстуюць ужо чацьвёрты месяц