Беларусу адмовілі ў міжнароднай абароне ва Ўкраіне ў сувязі «паляпшэньнем стану» з правамі чалавека ў Беларусі

Намесьніца кіраўніка міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка, архіўнае фота

Скандальная сытуацыя адбылася яшчэ ў 2021 годзе, а стала вядома цяпер.

Гісторыю беларуса Юрыя Зайцава расказаў тэлеканал «Белсат». Рашэньне аб адмове ў міжнароднай абароне падпісала намесьніца кіраўніка міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка.

Рашэньне чыноўніца тлумачыла «паляпшэньнем стану» з правамі чалавека ў Беларусі, спасылаючыся на артыкул у выданьні «Аргументы и факты».

У тэксце «АиФ» вялося пра добрыя ўмовы для зьняволеных за кратамі — маўляў, мэдсанчастцы ПК-22 нібыта «могуць пазайдросьціць некаторыя раённыя паліклінікі».

Пры гэтым 2021 год быў поўны рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. Тысячы людзей апынуліся за кратамі ў адміністрацыйных і крымінальных справах, тысячы мусілі пакінуць радзіму празь перасьлед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога не тлумачылі, проста: „Валіце адсюль“». Гісторыя ўкраінцаў, якіх на два месяцы затрымалі ў Беларусі па дарозе дадому

Беларус на фронце знаходзіцца ў чаканьні перагляду сваёй справы, ён ня можа паехаць у Заходнюю Эўропу на навучаньне са сваімі пабрацімамі, бо дагэтуль не атрымаў ва Ўкраіне статусу, міжнароднай абароны, а таксама застаецца ў міжнародным вышуку.

Юрыя Зайцава беларускія праваахоўныя органы шукалі з 2014 году для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за стварэньне злачыннай арганізацыі, кантрабанду і незаконнае абарачэньне наркотыкаў і псыхатропаў.

Паводле матэрыялаў справы, якія фігуравалі ў рашэньні ўкраінскага суду аб ягоным затрыманьні, Юры Зайцаў быў ідэолягам стварэньня і кіраўніком інтэрнэт-рэсурсаў, празь якія распаўсюджваліся наркотыкі і псыхатропы цягам 2013–2014 гадоў. Іншых 16 удзельнікаў гэтай схемы продажу спайсаў асудзілі ў Беларусі ў 2016 годзе на тэрмін ад 9 да 19 гадоў пазбаўленьня волі.

Пасьля затрыманьня ягоны адвакат не казаў Свабодзе, што перасьлед у Беларусі зьяўляецца палітычным. Палітычная матывацыя зьявілася пазьней, калі да яго абароны падключыліся актывісты Беларускага дому ва Ўкраіне, які ачольвалі Віталь Шышоў і Радзівон Батулін.

Сам Юры Зайцаў апынуўся пад арыштам ва Ўкраіне на запыт беларускіх сілавікоў у жніўні 2020 году, яго шукалі як актывіста адно з анархісцкіх арганізацый. Ён правёў 7 месяцаў у Адэскім СІЗА, пасьля чаго, у кастрычніку 2021 году, яго перавялі пад хатні арышт. Цяпер Зайцаў добраахвотнікам ваюе за Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі кіраўніка схемы продажу спайсаў у Беларусі праз інтэрнэт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліцыянты назвалі калябарантам». Былому палітвязьню Івану Красоўскаму далі 10 дзён, каб пакінуць Украіну