Парлямэнт Ізраілю прыняў законапраект аб абмежаваньні паўнамоцтваў Вярхоўнага суду

Пратэсты ля будынку Кнэсэту, 24 ліпеня 2023

Парлямэнт Ізраілю — Кнэсэт — на галасаваньні 24 ліпеня прыняў першы законапраект з пакету судовай рэформы, які выклікаў масавыя пратэсты.

Апазыцыйныя дэпутаты ў Кнэсэце байкатавалі апошняе галасаваньне, аднак галасоў 64 дэпутатаў кіроўнай кааліцыі аказалася дастаткова для прыняцьця закону. Ён абмяжоўвае права Вярхоўнага суду адмяняць рашэньні, прынятыя ўрадам (які фармуецца з дэпутатаў). На думку крытыкаў, папраўкі ствараюць магчымасьці для злоўжываньняў уладай, ліквідуючы адзін зь нешматлікіх эфэктыўных мэханізмаў кантролю за ўрадам.

Іншыя папраўкі, за якія ў панядзелак не галасавалі, прадугледжваюць зьмену працэдуры прызначэньня судзьдзяў Вярхоўнага суду. Апазыцыя ўпэўненая, што законы судовай рэформы прывядуць да зьнікненьня незалежнай судовай сыстэмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцы ў Ізраілі сутыкнуліся з паліцыяй у аэрапорце, яна арыштавала 37 чалавек

Падчас пасяджэньня Кнэсэту ля будынку, дзе адбывалася галасаваньне, адбывалася дэманстрацыя пратэсту, у ёй удзельнічалі 20 тысяч чалавек. Паліцыя ўжыла вадамёты, каб адагнаць удзельнікаў, паведамляецца пра 19 затрыманых.

Да пратэстаў далучыўся буйны бізнэс. Ізраільскі бізнэс-форум, які аб’ядноўвае кіраўнікоў 150 найбуйнейшых кампаніяў краіны, абвясьціў страйк супраць рэформы. Да страйку далучыліся многія стартапы, банкі, гандлёвыя цэнтры і аўтазаправачныя станцыі.

У панядзелак міністар фінансаў Ізраілю Бецалель Смотрыч прапанаваў адкласьці галасаваньне па папраўках мінімум на паўгода. Ініцыятыву адхілілі. На прыняцьці законаў у нязьменным выглядзе і неадкладна настойваюць ультракансэрватыўныя чальцы кіроўнай кааліцыі, якія абяцаюць у адваротным выпадку выйсьці зь яе складу, што непазьбежна прывядзе да шостых за 4 гады парлямэнцкіх выбараў.