Яшчэ адна спроба напалохаць Захад. Навошта Лукашэнка зноў прывёз Пуціну мапу

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Санкт-Пецярбург, 23 ліпеня 2023

Сюжэт пра агрэсіўных наймітаў «Вагнэра», якія нібыта рвуцца захапіць Варшаву і Жэшаў — гэта ня самы ўдалы спэктакль у выкананьні Лукашэнкі і Пуціна, якім яны імкнуцца чарговы раз напалохаць Захад.

У дадатак да міграцыйнай атакі і разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Сьцісла:

  • Гэтым разам Лукашэнкі з Пуціным вырашылі разыграць антыпольскую карту.
  • Галоўным пытаньнем цяперашняга візыту стаў лёс ПВК «Вагнэр».
  • Для Пуціна важна, каб тая самая структура, якая прычыніла траўму, цяпер была эфэктна задзейнічаная ў інфармацыйнай спэцапэрацыі супраць Польшчы.
  • Лукашэнка з Пуціным імкнуцца напалохаць Захад. Адначасова гэта піяр у разьліку на сваю ўнутраную аўдыторыю.

Звычайна падчас кожнага чарговага візыту Аляксандра Лукашэнкі да Ўладзіміра Пуціна журналісты, экспэрты задавалі пытаньне, зь якой мэтай ён паехаў, што хоча вырашыць. Аднак цяпер сустрэчы двух лідэраў сталі такімі частымі і будзённымі, што падобныя пытаньні калі і паўстаюць, то хіба па звычцы. Ужо другі год, як гэтыя візыты ператварыліся ў рытуал, сталі часткай паўсядзённага працоўнага графіку, элемэнтам псыхатэрапіі і ўзаемнай падтрымкі двух ізаляваных аўтакратаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вам пакажу, адкуль рыхтаваўся напад...» Ці пачнецца вайна Беларусі і Расеі з NATO

Гэтым разам Лукашэнка з Пуціным вырашылі разыграць антыпольскую карту. Беларускі ўладар ужо шмат разоў расказваў, нібыта Польшча імкнецца захапіць і далучыць Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну. Пуцін, здаецца, першы раз згадаў пра агрэсіўныя намеры Варшавы. Гэтыя пагрозы ў адрас Польшчы лішні раз даказваюць, што ў выпадку перамогі ў вайне пуцінская Расея на Ўкраіне ня спыніцца, пойдзе далей на Захад. Таму ў дапамозе Ўкраіне з боку Эўропы, акрамя ўсяго іншага, спрацоўвае яшчэ і інстынкт самазахаваньня.

Вельмі адметна, што два лідэры на поўным сур’ёзе публічна абмяркоўваюць пытаньне, што калі Заходняя Ўкраіна папросіць у Расеі і Беларусі дапамогі, каб абараняцца ад агрэсіі з боку Польшчы, то яны гатовыя яе аказаць. Лукашэнка прывёз з сабой мапу, на якой паказана перадысьлякацыя да межаў Беларусі дзьвюх польскіх брыгадаў. Год таму дэманстрацыя падобнай мапы і словы «Я вам пакажу на мапе, адкуль рыхтаваўся напад» сталі мэмам, з гэтага доўга насьміхаліся ва ўсім сьвеце. Але, магчыма, пра гэты мэм Лукашэнка проста ня ведае: ён жа не карыстаецца інтэрнэтам. Два аўтакраты жывуць у сваім прыдуманым сьвеце, які толькі часткова судакранаецца са сьветам рэальным. Ім там утульна.

Можна не сумнявацца, што галоўным пытаньнем цяперашняга візыту стаў лёс ПВК «Вагнэр». Кульмінацыяй спэктаклю ці публічнай яго часткі быў сюжэт пра тое, што нібыта вагнэраўцы «просяцца» схадзіць «на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў», але Лукашэнка іх стрымлівае.

У чым сэнс гэтай гульні?

Справа ў тым, што мяцеж ПВК «Вагнэр» супраць Пуціна нанёс апошняму сур’ёзную псыхалягічную траўму, выставіў яго як слабака, які нічога ня ў стане зрабіць зь іншым цяжкавагавіком, Яўгеніем Прыгожыным, і вымушаны зь ім дамаўляцца аб міры ці замірэньні. Цяпер прэзыдэнту Расеі патрабуецца кампэнсацыя. Прычым кампэнсацыя менавіта з дапамогай таго самага чыньніка, які і нанёс крыўду. Адсюль і зьявіўся на сьвет гэты сцэнар. Маўляў, тая самая структура, якая прычыніла траўму, цяпер будзе эфэктна задзейнічаная ў спэцапэрацыі супраць палякаў.

«Мудры Пуцін» ператварыў мінус у плюс, разыграў камбінацыю, у выніку якой ПВК «Вагнэр», які быў праблемай на тэрыторыі Расеі, цяпер перамясьціўся ў Беларусь і будзе ствараць праблему Польшчы. Маўляў, вось як лоўка атрымалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына пацьвердзіла гатоўнасьць дапамагчы Польшчы ў выпадку пагрозы зь Беларусі

Ня факт, што вагнэраўцы ў рэальнасьці плянуюць нейкія агрэсіўныя акцыі супраць Польшчы. Яны прыехалі ў Беларусь бязь цяжкай зброі, разьмешчаны далёка ад польскай мяжы ў колькасьці, недастатковай для таго, каб нанесьці нейкую сур’ёзную шкоду суседняй дзяржаве. Ёсьць вялікі сумнеў, што вагнэраўцы на чале з Прыгожыным гатовыя выканаць любы загад Пуціна ці Лукашэнкі. Можна прыгадаць, як гаспадар ПВК размаўляў з прэзыдэнтам Расеі падчас іх апошняй сустрэчы.

Таму сюжэт, які разыгралі Лукашэнка з Пуціным у Санкт-Пецярбургу — гэта танны спэктакль, закліканы чарговы раз напалохаць Захад. У дадатак да міграцыйнай атакі і разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Ва ўсялякім разе, так гэта выглядае на цяперашні момант.

Адначасова гэта піяр у разьліку на ўнутраную аўдыторыю. Маўляў, калі ўжо вагнэраўцаў перамясьцілі ў Беларусь, то трэба ж іх неяк выкарыстаць. Гаварыць толькі пра навучаньне беларускіх вайскоўцаў недастаткова і неяк руцінна. Патрэбен быў нейкі гучны ход. Няхай сабе і ў выглядзе піяр-акцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: заявы Лукашэнкі і Пуціна аб пагрозе групоўкі «Вагнэр» для Ўкраіны і Польшчы — інфармацыйная апэрацыя