У выведцы Міністэрства абароны і Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны пакуль ня бачаць наўпроставай пагрозы з боку прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», сілы якой цяпер разьмяшчаюцца ў Беларусі.
«Неабходна вызначыцца, якім будзе характар дзейнасьці „Вагнэра“ на тэрыторыі Беларусі. Ці будзе гэта лягістычны хаб для ратацыі і падрыхтоўкі да місіі за межамі — у Афрыцы, на Блізкім Усходзе, таму што больш за год не было ратацыі, пакуль „Вагнэр“ ваяваў на нашай тэрыторыі. Цяпер пайшоў гэты працэс», — сказаў прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію тэлеканалу «Ми — Україна».
Паводле яго, украінскі бок пільна сочыць за знаходжаньнем вагнэраўцаў у Беларусі, паколькі «гэта магутны такі кампанэнт, які непасрэдна браў удзел у баявых дзеяньнях» і «магутны элемэнт у сыстэме расейскай прысутнасьці за мяжой».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў Пуціну, што «вагнэраўцы» хочуць «схадзіць на экскурсію ў Варшаву»Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка паведаміў, што сытуацыя на ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю сытуацыя кантраляваная.
«Не адзначаем ні перамяшчэньня вайсковай тэхнікі, ні асабовага складу якіх-небудзь падразьдзелаў — ці расейскіх наймітаў, ці арміі Беларусі, ці Расеі. У той жа час мы мусім быць гатовы да разьвіцьця любой сытуацыі, улічваючы новыя рызыкі зь перамяшчэньнем у Беларусь наймітаў», — сказаў Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны дадаў, што ўкраінскі бок працягвае ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб сілы абароны маглі супрацьдзейнічаць у выпадку пагроз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: заявы Лукашэнкі і Пуціна аб пагрозе групоўкі «Вагнэр» для Ўкраіны і Польшчы — інфармацыйная апэрацыя- ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. «Вагнэраўцы» бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
- 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
- Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».