Віцебская сынагога на вуліцы Рэвалюцыйнай (колішняя Вялікая Ільінская) пабудаваная ў ХІХ стагодзьдзі. Доўгі час яе, занядбаную, плянавалі аднавіць, аднак шторазу праз шэраг прычын работы скасоўвалі, адкладалі.
Цяпер у суполцы «Навіны Віцебска» ў фэйсбуку зьявілася публікацыя з новымі фатаграфіямі сынагогі. Работы амаль скончыліся, праз тыдзень яе ўрачыста адкрыюць і правядуць там малебен.
Вялікую Любавіцкую сынагогу XIX стагодзьдзя ў свой час наведвала сям’я славутага мастака-авангардыста Марка Шагала. Як падаюць гістарычныя даведнікі, дзед Шагала служыў у сынагозе настаўнікам і кантарам, таму ў дзяцінстве будучы геній забягаў сюды ня толькі па рэлігійных справах.
Будынак Вялікай Любавіцкай сынагогі месьціцца ў так званым «шагалаўскім квартале», недалёка ад Дому-музэю Марка Шагала. Гэта апошняя аўтэнтычная каменная сынагога ў Віцебску, яе збудавалі ў 1872 годзе. Да 1923-га яна была галоўнай сынагогай гораду, пакуль яе не зачынілі бальшавікі. Неўзабаве тут прапісаўся Дом культуры аднаго з гарадзкіх прадпрыемстваў, а ў паваенныя часы ўсялякая патрэба ў гістарычным будынку зьнікла і ён паступова прыходзіў у заняпад. Толькі ў 2022 сынагогу пачалі аднаўляць.
У час пабудовы Вялікай Любавіцкай сынагогі ў Віцебску налічвалася больш за 50 сынагогаў і малельных дамоў, пераважна драўляных. У гэтую сынагогу, паводле некаторых зьвестак, хадзіў бацька славутага мастака — Хацкель Шагал.
Малы Марк Шагал хадзіў у гэтую і іншую сынагогі разам з бацькамі і іншымі дзецьмі, а таксама зь дзедам, да якога езьдзіў у мястэчка Лёзна пад Віцебскам. Гэтыя паходы засталіся самымі яскравымі ўспамінамі зь дзяцінства хлопчыка. Пазьней мастак пакіне шмат малюнкаў з выявамі віцебскіх сынагог і іх інтэр’ераў, гісторыямі ўнутранага жыцьця. Дзякуючы малюнкам «Мая вёска», «Сынагога», «Вывучаюць Біблію», можна скласьці ўяўленьне, якімі былі віцебскія сынагогі і іх наведвальнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слонімскую сынагогу зноў спрабуюць прадаць. Мінулая ўладальніца адмовілася ад праекту з пачаткам вайны ва Ўкраіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб кожны мог зьвярнуцца да Бога». У Бабруйску ўратавалі рэшткі старой сынагогі ды стварылі «Сьцяну плачу»