«Няслушна зьмякчаць абмежаваньні ў дачыненьні да дыктатараў», — прэзыдэнт Літвы пра магчымыя выключэньні для беларускіх угнаеньняў

Прэзыдэнт Літвы. Архіўнае фота.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа запэўнівае, што Літва не паддасца ціску і не ўхваліць санкцыйныя выключэньні Эўрапейскага Зьвязу для транзыту беларускіх угнаеньняў, — піша Delfi.

«Зьбіраюцца аказаць ціск і на нас, каб мы зьмякчылі праблемы, якія ўзьніклі на фоне харчовага крызісу, дазволіўшы экспарт угнаеньняў зь Беларусі. Я ўсім сваім калегам сказаў, што мы не дамовімся, і сапраўды пазыцыя Літвы засталася ранейшай, яна не зьмянілася і ня зьменіцца. Мы лічым зусім няслушным зьмякчаць санкцыі супраць дыктатараў», — заявіў у Клайпедзе літоўскі прэзыдэнт.

«Гэта няслушна, таму што адной рукой мы ўзмацняем жорсткасьць санкцыі, а другой адкрываем шлюзы, каб Лукашэнка мог працягваць зарабляць цьвёрдую валюту на экспарце ўгнаеньняў. Гэта поўны нонсэнс. Таму мы ня можам гэта ўхваліць», — запэўніў ён, падкрэсьліўшы, што такую ж пазыцыю займаюць літоўскія палітыкі і інстытуты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці сапраўды санкцыі адносна беларускага калію пагражаюць сьвету голадам

Тым часам дзьве крыніцы ў структурах Эўразьвязу паведамілі эўрапейскаму рэдактару Радыё Свабода Рыкарду Юзьвяку, што ў ЭЗ прынятае палітычнае рашэньне не скасоўваць санкцыі адносна беларускай калійнай галіны.

Інфармацыю Рыкарда Юзьвяка публічна пацьвердзіў сталы прадстаўнік Польшчы ў ЭЗ Анджэй Садось. У інтэрвію польскаму інфармацыйнаму агенцтву РАР ён паведаміў, што сталыя прадстаўнікі краінаў-чальцоў Зьвязу ўхвалілі праект рашэньня аб увядзеньні сэктаральных і пэрсанальных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Паводле Садося «рашэньне не ўключае ў сябе адступленьняў адносна ўгнаеньняў» і яны «па-ранейшаму падпадаюць пад санкцыі ЭЗ».

Да апошняга часу дыскусіі наконт санкцый на экспарт беларускіх угнаеньняў — адна з галоўных прычынаў, чаму Эўразьвяз з пачатку 2023 году не прыняў новы пакет санкцый адносна Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва Клайпедзкага порту заявіла пра гатоўнасьць перагружаць украінскае збожжа замест беларускіх калійных угнаеньняў