Сілавікі затрымалі айца Андрэя Зноску, пробашча парафіі Божай міласэрнасьці ў горадзе Ліда Горадзенскай вобласьці.
Як піша Хрысьціянская візія, затрыманьне адбылося 19-га ліпеня. Прычыны перасьледу і месца знаходжаньня сьвятара цяпер невядомыя.
Айцец Андрэй Зноска зьяўляецца кансультантам Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі па юрыдычных пытаньнях і экспэртам у кананічным праве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчаюць цэрквы, даносяць у прыходах, кідаюць за краты. Як у Беларусі ціснуць на сьвятароўЗьбіцьцё сьвятароў
Тым часам тэлеканал «Белсат» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што падчас ператрусу 13–14 ліпеня ў плябаніі архікатэдральнага касьцёлу ў Менску былі зьбітыя ксяндзы, якія там апынуліся ў момант прыходу сілавікоў.
У аднаго са сьвятароў ад гэтага нават застаўся сіняк на твары.
Паводле інфармацыі «Хрысціянскай Візіі», факты зьбіцьця сьвятароў мелі месца і раней. Аднак яны не былі гатовыя рабіць гэтую інфармацыю публічнай.
- За апошнія гады праз арышты прайшлі дзясяткі сьвятароў, пастараў і манахаў праваслаўнай, каталіцкай, грэка-каталіцкай і пратэстанцкіх канфэсій, якія крытыкавалі масавыя рэпрэсіі ў Беларусі.
- Увосень 2022 году закрылі для любых наведваньняў Чырвоны касьцёл у Менску, ня толькі адзін з галоўных цэнтраў каталіцкага жыцьця, але і візытоўку гораду для турыстаў.
- Прычынай улады назвалі начны пажар у будынку. Вернікаў і сьвятароў некалькі месяцаў не пускалі ў сьвятыню, хаця пашкоджаньні былі лякальнымі. Настаяцель касьцёла, 73-гадовы Ўладзіслаў Завальнюк, які адрадзіў парафію пасьля вяртаньня храма вернікам у 1990-х гадах і быў ягоным нязьменным кіраўніком, уладкаваўся дворнікам пры храме.