Пасьля вызваленьня ён расказаў «Народнай Волі» пра вызваленьне і ўмовы свайго зьняволеньня.
Леаніда Судаленку затрымалі 21 студзеня 2021 году, 3 лістапада 2021 году яго асудзілі на тры гады зьняволеньня паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, і навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне»). Адбываў пакараньне праваабаронца ў віцебскай калёніі «Віцьба», зь якой выйшаў 21 ліпеня.
— Сёньня вызвалілі прыкладна а 9 гадзіне раніцы, — расказаў Леанід Судаленка. — А 5 гадзіне быў пад’ём, у 5.30 сьняданак прынесьлі — гарбату, хлеб, кашу... Але трэба адзначыць, што апошнія дзевяць дзён я знаходзіўся ў ШЫЗА і вызваляўся менавіта са штрафнога ізалятара... Трапіў туды за тое, што ў спартыўную форму несвоечасова пераапрануўся. Цікава, што далі менавіта дзевяць сутак, пад вызваленьне, таму мяркую, што зрабілі так спэцыяльна. У тых месцах, дзе я быў, павесіць парушэньне на чалавека досыць проста.
Гэта былі такія дні, што я сядзеў у сырым падвале, на сьвежае паветра мяне не выводзілі. Толькі трохразовае харчаваньне прыносілі — і ўсё.
А так дзевяць сутак спаў на падлозе, безь бялізны, безь нічога. Спачатку пад галаву падкладаў паперу для прыбіральні, а потым і яна скончылася. Тады ўжо даводзілася пад галаву кулак падкладаць».
— Што для вас было самым складаным у няволі?
— Самае складанае — гэта адсутнасьць інфармацыі. Гэта дакладна. І, лічу, ня толькі для мяне, але і для многіх іншых вязьняў. Дарэчы, за кратамі я сустрэў вельмі шмат людзей, якія гатовыя ахвяраваць сабой дзеля сваіх перакананьняў. Гэта дапамагала і падтрымлівала.
— Зь іншымі вязьнямі вы маглі размаўляць ці вас ізалявалі?
— Я жыў у бараку, і ў мяне не было такой ізаляцыі, як у таго ж Максіма Знака, які таксама адбывае пакараньне ў калёніі «Віцьба».
— Да турэмнай ежы з часам прызвычаіліся?
— З часам прызвычайваесься да ўсяго. Калі лепш кармілі, калі горш, але есьці можна. Адным словам, у калёніі харчаваньне дапамагае чалавеку выжыць, нават калі ён не атрымлівае перадач з волі.
Судаленка паведаміў, што палову тэрміну быў заняты на дрэваапрацоўцы рознарабочым, а затым яго перавялі ў цэх разборкі мэталу. Разьбіралі правады, каб дастаць адтуль каляровыя мэталы — медзь, сьвінец, алюміній. Да апошняга дня быў заняты на гэтай працы. Але нічога за яе не атрымаў. У вольны ад працы час чытаў ці пісаў, або займаўся спортам.
— Была магчымасьць для спартыўных заняткаў?
— У калёніі былі сьвежае паветра і блакітнае неба, забарона курыць цыгарэты ў бараку, але не было інфармацыі і перапіскі. Лісты даходзілі толькі ад сям’і. У СІЗА атрымаў каля тысячы паштовак, а ў калёніі не было ніводнага ліста ад іншых людзей. Адным словам, у інфармацыйным пляне была пэўная блякада.
Судаленка паведаміў, што першыя дні пасьля затрыманьня быў у шокавым стане, яго затрымалі, калі выходзіў з пад’езда ўласнага дому, паклалі тварам у сьнег:
— Ужо пасьля ў ізалятары пакрысе пачаў прыходзіць у сябе і разумець, што прысуд мне, напэўна, будзе максымальны — тры гады зьняволеньня (цяпер, дарэчы, па гэтым жа артыкуле максымальна даюць ужо чатыры гады). Так яно і атрымалася. Але калі параўноўваць зь сёньняшнім днём, то я бачу, што атрымаў ня самы вялікі тэрмін. Ужо ў лягеры бачыў, якія вялікія прысуды цяпер выносяцца людзям — за нейкія лайкі, камэнтары ці перапосты ў сацыяльных сетках. Так што можна сказаць, што мне ў пэўным сэнсе „пашанцавала“, што я быў у першых шэрагах асуджаных пасьля падзей 2020 году».
Судаленка расказаў, што за ўвесь час у калёніі не атрымаў ніводнага доўгатэрміновага спатканьня ні з жонкай, ні зь дзецьмі, бо стаяў на прафіляктычным уліку.
Пад калёніяй Судаленку сустрэлі ягоныя сямейнікі. А ў нядзелю ён плянуе зьезьдзіць да маці. Ёй 84 гады, яна жыве ў вёсцы ў Брагінскім раёне і дагэтуль ня ведала, дзе Леанід.
— Не казалі мы маме пра гэта, каб яна не хвалявалася і берагла здароўе. Паведамілі толькі, што я на некалькі гадоў зьехаў за мяжу на заробкі. І вось цяпер — вярнуўся!
Судаленка зьбіраецца шукаць сабе працу, бо тыя арганізацыі, зь якімі раней супрацоўнічаў, ужо ліквідаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшаў праваабаронца Леанід Судаленка, цалкам адбыўшы тэрмінХто такі Леанід Судаленка
Леанід Судаленка — праваабаронца з 20-гадовым стажам аказаньня дапамогі ў аднаўленьні парушаных правоў грамадзянаў. Ён дапамагаў рыхтаваць і накіроўваць шматлікія індывідуальныя звароты ў Камітэт правоў чалавека ААН.
Судаленка актыўна дапамагаў жыхарам Гомля, якія трапілі пад перасьлед міліцыі і КДБ увосень 2020 году. Ён дапамагаў ім складаць скаргі, прысутнічаў у судах, аплачваў штрафы. У 2018 годзе Судаленка атрымаў прэстыжную міжнародную прэмію ў галіне абароны правоў чалавека. Грашовую суму ён ахвяраваў на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій, пра што адкрыта гаварыў у СМІ ўвосень 2020 году.
Суд Цэнтральнага раёну Гомля 3 лістапада 2021 году вынес прысуд праваабаронцу Леаніду Судаленку і валянтэрцы «Вясны» Тацяне Ласіцы.
Судзьдзя Сяргей Салоўскі асудзіў Судаленку на тры гады пазбаўленьня волі, Ласіцу — на два з паловай гады. Абаім — калёнія агульнага рэжыму.
Пасьля вынясеньня выраку на пытаньне судзьдзі Салоўскага «Вам усё зразумела?» Леанід Судаленка адказаў: «Вы дамовіліся са сваім сумленьнем, але як вы дамовіліся з законам?».
Што ставілі ў віну Судаленку?
Як расказаў у сваіх лістах праваабаронца «Вясны», у віну яму ставілі:
- эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
- відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
- заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомля Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак;
- сэмінар зь лічбавай бясьпекі для праваабаронцаў;
- аплата штрафаў, збораў за зварот у суд, адвакацкай дапамогі.