Зь віцебскай калёніі № 3 21 ліпеня вызваліўся праваабаронца «Вясны» з Гомля Леанід Судаленка, цалкам адбыўшы тэрмін, паведамляе «Вясна».
Трэцяга лістапада 2021 году яго асудзілі на тры гады зьняволеньня паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, і навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні»).
Леанід Судаленка — праваабаронца з 20-гадовым стажам аказаньня дапамогі ў аднаўленьні парушаных правоў грамадзянаў. Ён дапамагаў у падрыхтоўцы і накіраваньні шматлікіх індывідуальных зваротаў у Камітэт правоў чалавека ААН супраць Беларусі.
За кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі два з паловай гады.
Суд Цэнтральнага раёну Гомля 3 лістапада 2021 года вынес прысуд праваабаронцу Леаніду Судаленку і валянтэрцы «Вясны» Тацяне Ласіцы.
Судзьдзя Сяргей Салоўскі асудзіў Судаленку на тры гады пазбаўленьня волі, Ласіцу — на два з паловай гады зьняволеньня. Абаім — калёнія агульнага рэжыму.
Пасьля вынясеньня выраку на пытаньне судзьдзі Салоўскага «Вам усё зразумела?» Леанід Судаленка адказаў: «Вы дамовіліся са сваім сумленьнем, але як вы дамовіліся з законам?».
Што ставілі ў віну Судаленку?
Як расказаў у сваіх лістах праваабаронца «Вясны», у віну яму ставілі:
- эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
- відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
- заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомля Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак;
- сэмінар у лічбавай бясьпецы для праваабаронцаў;
- аплата штрафаў, збораў за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.
Леанід Судаленка актыўна дапамагаў жыхарам Гомля, якія трапілі пад перасьлед міліцыі і КДБ увосень 2020 году. Ён дапамагаў ім складаць скаргі, прысутнічаў у судах, аплачваў штрафы. У 2018 годзе Судаленка атрымаў прэстыжную міжнародную прэмію ў галіне абароны правоў чалавека. Грашовую суму ён ахвяраваў на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій, пра што адкрыта гаварыў у СМІ ўвосень 2020 году.