«Не наступіць на міну там было цяжэй, чым наступіць», — кажа беларускі ваяр «Белка» з Інтэрнацыянальнага легіёну. «Белка» страціў шмат крыві, але пасьпеў накласьці на сябе жгут-турнікет, перад тым як страціць прытомнасьць.
Беларус з пазыўным «Белка» ваюе ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёну. У пачатку ліпеня ён атрымаў моцнае раненьне недалёка ад Бахмуту, з украінскага шпіталя «Белка» адказаў на некалькі пытаньняў Свабоды.
— Раскажыце, што можаце, пра сябе.
— Мне каля 40 гадоў. Жыў у Менску. Бегаў на мітынгі шмат гадоў. Дапамагаў, як мог, людзям, што цярпелі ад удзелу ў пратэстах. Нічога звышнатуральнага ў маім жыцьці не было. А нейкія падрабязнасьці расказваць не хачу, каб не спрашчаць працу міліцыі.
— Што вас падштурхнула ісьці на вайну?
— Я паехаў ва Ўкраіну ў сьнежні 2021-га, бо ў Беларусі мяне занадта ўжо ўпарта шукалі. Атмасфэра ва Ўкраіне была досыць напружаная, хадзіў на вышкалы «Азова», якія арганізоўвалі беларускія хлопцы-добраахвотнікі, што ваявалі з 2014–2015 гадоў. І вось аднойчы я прачынаюся, і тыя г...ды, празь якіх я зьехаў зь Беларусі, ужо б’юць зь яе тэрыторыі па Ўкраіне ракетамі. Такое не выбачаецца. Я адразу напісаў у Інтэрнацыянальны легіён, але там хутка прыйшла адмова, бо ў той час беларусаў ня бралі. І пакуль чакаў дазволу далучыцца да шэрагаў УСУ, то валянтэрыў на ўкраінска-польскай мяжы, дапамагаў уцекачам. Запомнілася дзяўчынка, якая прасіла: «Толькі не страляйце, толькі не страляйце». Такі страх быў. Нават адной яе дастаткова, каб ваяваць, а такіх сем’яў мільёны. У мяне не было рацыянальных развагаў, ці ісьці на вайну — гэта падалося натуральным. Да таго ж Беларусь уцягнутая ў вайну. І я нясу за гэта адказнасьць. Мой спосаб з гэтым змагацца — ваяваць супраць Расеі.
— Мне казалі знаёмыя, што вы заўсёды працівіліся штабной рабоце, а хацелі якраз быць «у полі». Гэта сапраўды так?
— Усё правільна. Мне ідэальнай здавалася схема, пры якой усе ўдзельнікі групы маюць і небаявыя абавязкі (дакумэнты, разьмяшчэньне, лягістыка, машыны), і баявыя, якія мы выконваем на місіях. Быў момант, калі прыехалі ў Лісічанск, і «Брэст» (камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук, загінуў у чэрвені 2022 пад Лісічанскам. — РС) спытаў, ці буду я пісаць рапарты аб апэрацыях. Я сказаў, што толькі з умовай, калі гэта ня будзе адмяняць баявой працы. Ён сказаў, што не. Тады без праблем. На папяровую працу заўсёды знойдуцца людзі, а на баявыя задачы — не заўсёды.
— Раскажыце пра беларускіх добраахвотнікаў, якія на вас паўплывалі найбольш.
— Цяжка пабудаваць тут нейкую герархію. «Брэст» моцна паўплываў на мяне, паказаў прыклад, як клапаціцца аб сваіх байцах, як увогуле трэба сябе паводзіць. «Мыш» (Міраслаў Лазоўскі, адзін з заснавальнікаў «Белага легіёну», загінуў у траўні 2023 пад Бахмутам. — РС) заўсёды паказваў сваім прыкладам, як трэба жыць. Мы заўсёды жартавалі: «Мыш, Беларусь трэба вызваліць хаця б для таго, каб ты зноў мог ілюстраваць беларускія кніжкі». Ён і загінуў, прыкрываючы адыход параненых. Ёсьць адна дэталь, цела «Мыша» знайшлі з ахапкам зброі нашых «двухсотых» (загінулых — РС), якую ён цягнуў з сабой. Гэта вельмі важны момант, гэта была справа гонару і прафэсіяналізму — не пакінуць зброю. Ён да апошніх хвілін жыў паводле сваіх прынцыпаў. «Дэн» (Аляксей Кавальчук. — РС) моцна паўплываў, гэта камандзір выведна-штурмавой групы. Ён на нейкім неверагодным узроўні ваюе і трэніруецца, тут ён узор. Шмат людзей паўплывалі. Быў адзін непублічны хлопец, які загінуў у кастрычніку 2022 году, ён зь Беларусі прыехаў на вайну. Быў вельмі пасьлядоўны. Такіх людзей шмат, ад кожнага я штосьці ўзяў.
— Якія апэрацыі, у якіх бралі ўдзел і пра якія можна гаварыць, лічыце найбольш значнымі?
— Кожная штурмавая апэрацыя — гэта маленькае жыцьцё. Толькі што з часам адносіны да іх робяцца больш спакойныя. Гэта ўсё ж больш праца, чым экзыстэнцыйны досьвед. Найбольш уражальнай была апэрацыя, я ведаю, пра яе шмат хто ўспамінае, — гэта штурм вёскі Лазавое ў Херсонскай вобласьці. Трэба было зьдзейсьніць начны марш, скрытна пераправіцца праз раку Інгулец і адбіць у расейцаў невялікую вёску, каб мець пляцдарм для далейшага прасоўваньня. Апэрацыя доўжылася больш за суткі, і для большасьці з нас гэта была першая буйная апэрацыя. Але ўспамінаю і Севераданецк, і штурмавую апэрацыю пад Гуляйполем. У Маёрску я быў першы раз паранены. Эмацыйна самы моцны момант, мабыць, пад Мірным. Было дзьве групы легіянэраў. Адна ішла па пасадцы на расейскую пазыцыю, а другая рухалася па дыяганалі праз поле пяхотным ланцужком. Я быў у групе па полі, была стралкатня. Сьвеціць сонца, троху прыпякае, сьпяваюць птушкі, было вельмі эпічна, засела ў памяці.
— Як атрымалі раненьне? Як цяпер сябе адчуваеце? Якія прагнозы лекараў?
— Атрымаў раненьне падчас штурмавой апэрацыі на поўдзень ад Бахмуту, каля Курдзюмаўкі. Трэба было зачысьціць расейскія акопы, прайсьці па пасадцы. Мы гэта зрабілі, усё заняло больш за суткі. У цемры пачалі, у цемры селі на захоплены квадрат, канцавы пункт. З другога боку рухаліся ўкраінцы. Апэрацыя атрымалася нечакана ўдалая. Потым мы пайшлі па незнаёмай тэрыторыі, а шчыльнасьць мінаваньня там была, як у грыбоў пасьля дажджу. Верагоднасьць наступіць на міну была большая, чым не наступіць. На адыходзе, калі ўсё зрабілі, то я наступіў на міну. Наступіў левай нагой, на правай яшчэ крыху паскакаў, каб зваліцца азадкам у дзірку, якую зрабіла міна. Бо шмат было выпадкаў, што чалавек наступае на міну, потым адкочваецца, а там спрацоўвае яшчэ адна.
Мая спэцыялізацыя — мінна-выбуховая справа. І я разумеў, што ступню я страціў. Наклаў жгут-турнікет. Паспрабаваў папрацаваць левым каленам, яно працавала. Усё больш-менш абышлося. Крыві згубіў нямала, страціў прытомнасьць. Празь некалькі гадзін мяне вывезьлі ўкраінцы на брані, цяпер у шпіталі. Адчуваю сябе нармальна. Мне зрабілі чысьценька ампутацыю на сярэдзіне галёнкі. Пашкоджаная нага баліць, але трэба пераадолець, што паробіш. Ёсьць шмат дробных траўмаў яшчэ. Я крыху трапіў пад гусеніцы тэхнікі, тазавыя косткі пашкоджаныя, цяпер у мяне дастаткова доўгі ложкавы рэжым прапісаны. Украінскія мэдыкі вельмі клапоцяцца пра раненых. Лекары пакуль прагнозаў не даюць, дасталі кавалкі міны, пачысьцілі ад мёртвых тканак нагу. Некалькі месяцаў будуць зажываць раны. Потым будзе фармавацца кульця, а пасьля пачну падбіраць пратэз. Ёсьць праграмы для пратэзаў і эўрапейскія, і амэрыканскія.
— Што самае непрыемнае на вайне?
— Калі сутыкаесься ня з тымі, хто разумее цябе з паўслова, а хто клапоціцца аб сваіх шкурных жаданьнях. Ёсьць і крадзяжы, і махінацыі, і амбіцыі, і лянота. Гэта выклікае абсалютную агіду і адбірае сілы.
— Што самае прыемнае?
— Адчуваньне пабрацімства. Магчыма, з кімсьці б не сябравалі і не стасаваліся ў рэальным жыцьці, а на вайне бачыш чалавека, і вельмі прыемна. І чалавек насупраць адчувае тое ж самае. Гэта моцнае, глябальнае пачуцьцё. Калі ты ў баявых дзеяньнях, то ўсё дакладна і проста, хоць і цяжка фізычна і часам псыхалягічна, але ўсё зразумела. Ты не адчуваеш сумневаў. Калісьці я сказаў, што ў зоне дасягальнасьці расейскіх мінамётаў мне пачынае дыхацца лягчэй.
— Ці магчымае ў выніку гэтай вайны вызваленьне і Беларусі?
— Я не ўяўляю сабе тэхнічна вызваленьне Беларусі як прамы вынік гэтай вайны. Я разумею, што ў беларусаў ёсьць некалькі сотняў чалавек, якія не баяцца агню, могуць дзейнічаць самастойна і разам. Ведаюць адзін аднаго і паважаюць. Гэта вялікая сіла. Але мы гаворым не пра Брусілаўскі прарыў, а пра зьмену ўлады. Я магу ўявіць, што Беларусь пазбавілася падтрымкі Расеі, ёсьць масавае народнае паўстаньне. І гэтыя некалькі сотняў хлопцаў могуць стаць супрацьвагай сілавікам. Але ў цэлым мой прагноз ня самы аптымістычны, ня ў гэтае дзесяцігодзьдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даўжэй за ўсіх трымаў абарону Курапатаў; пачуваўся не на месцы ва ўтульным Кіеве; узяў хаскі з прытулку. Якім быў Васіль Парфянкоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэдыкі ў камэру не прыходзяць». Былы добраахвотнік палка Каліноўскага 15 дзён галадае ў літоўскай турме