Польская паліцыя: за 5 месяцаў 2023 году падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынстваў прад'явілі 277 беларусам

У студзені — траўні 2023 году падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынстваў прадʼявілі 277 беларусам, якія жывуць у Польшчы, паведамляе выданьне Rzeczpospolita са спасылкай на зьвесткі, атрыманыя ад Галоўнага ўпраўленьня дзяржаўнай паліцыі Польшчы.

Паводле інфармацыі ведамства, агулам за гэты пэрыяд падазраванымі па розных справах праходзілі 4695 замежнікаў. На долю беларусаў у гэтай статыстыцы прыпадае 5,9%, яны былі трэцяй паводле велічыні групай нацыянальных меншасьцяў, якіх падазраюць у парушэньні крымінальнага заканадаўства, пасьля ўкраінцаў (2288 выпадкаў, або 48,7%) і грузінаў (901 выпадак, або 19,2%). Далей ідуць расейцы (80, або 1,7%) і малдаване (22, або 0,47%).

«Структура зьдзейсьненых замежнікамі злачынстваў — у асноўным крадзяжы, кіраваньне ў нецьвярозым стане, а таксама захоўваньне наркотыкаў... За дзесяцігодзьдзе колькасьць замежнікаў, якіх падазраюць у зьдзяйсьненьні крымінальных злачынстваў, вырасла ў тры з паловай разы — з 3500 у 2013 годзе да 12 400 летась», — адзначае Галоўнае ўпраўленьне дзяржаўнай паліцыі Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьбіраўся паехаць у горы, каб зьмяніць жыцьцё». Што вядома пра беларуса Паўла Брэля, які зьнік у Польшчы
  • Паводле травеньскіх падлікаў дасьледчага цэнтру BEROC, за два гады толькі ў Польшчу зь Беларусі выехалі 97–111,5 тысячы грамадзян.
  • Як паведамілі раней Свабодзе ў польскай Управе па справах замежных грамадзян, з 2020 па сакавік 2023 году ў Польшчы выдалі 79 030 дазволаў на жыхарства для беларусаў. Сярод тых беларусаў, якія за тры гады пераехалі ў Польшчу на сталае месца жыхарства, большасьць складаюць людзі ва ўзросьце ад 18 да 34 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік польскага МЗС заявіў, што «Вагнэр» у Беларусі могуць выкарыстаць для ўзмацненьня мігранцкага крызісу