Кіраўнік МЗС Украіны заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба

Выдаць ордэр на арышт генэральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова заклікаў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба ў звароце да Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе.

«Я заклікаю Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Дзьмітрыя Шаўцова, які публічна прызнаўся ў злачынстве па незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны. Усе вінаватыя ў крадзяжы ўкраінскіх дзяцей павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», — напісаў Дзьмітрый Кулеба ў Twitter.

Падчас паездак на адпачынак у Беларусь украінскія дзеці зазнаюць узьдзеяньне праўладнай і прарасейскай прапаганды — нядаўнім прыкладам стаў выступ у летніку «Дубрава» сясьцёр Грузьдзевых, якія са сцэны на вачах у дзяцей пажадалі прэзыдэнтам Байдэну і Зяленскаму «здохнуць», а Пуціну «квітнець».

Генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў падчас сваёй чарговай паездкі на Данбас перадаў гуманітарную дапамогу і зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны. На гэта зьвярнуў увагу сайт «Зеркало».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік беларускага Чырвонага Крыжа пацьвердзіў удзел арганізацыі ў вывазе дзяцей з Украіны

«Мяне да глыбіні душы абурыў той факт, калі абвінавацілі Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыяжджаюць да нас на аздараўленьне. І, шчыра кажучы, справа ў тым, што і беларускі Чырвоны Крыж браў у гэтым — і бярэ, і будзе браць — актыўны ўдзел», — заявіў Дзьмітры Шаўцоў.

Падчас сваёй папярэдняй паездкі на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі Шаўцова заўважылі ў камуфляжы і зь літарай Z на рукаве, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі расейскай вайны ва Ўкраіне, хоць статут Чырвонага Крыжа патрабуе ад сяброў арганізацыі заставацца нэўтральнымі.

У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа заявілі, што вывучаюць гэты інцыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ня ўтойваюць, што ўкраінскія дзеці праходзяць «патрыятычнае выхаваньне» ў беларускіх летніках

18 ліпеня аўтары дакладу Эўрапарлямэнту заклікалі Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны.

Раней такі ордэр выдалі на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка расказаў, на каго перадалі матэрыялы ў Гаагу ў сувязі зь незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей у Беларусь