Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў Лёндан права на правядзеньне адборачных спаборніцтваў да Алімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы.
Падставай стала пазыцыя ўраду Вялікай Брытаніі наконт беларускіх і расейскіх спартоўцаў, піша The Times.
Згодна зь ёй, ад беларускіх і расейскіх спартоўцаў патрабуецца падпісаць асабістую дэклярацыю аб нэўтралітэце для ўдзелу ў спаборніцтвах. Яны павінны былі заявіць, што не падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне і расейскае кіраўніцтва, а таксама адмовіцца ад дзяржаўнага фінансаваньня.
Міжнародны алімпійскі камітэт адзначыў, што пазыцыя наконт адмовы ад дзяржаўнага фінансаваньня дыскрымінуе спартоўцаў у ня самых папулярных відах спорту, нават калі яны заяўляюць аб сваёй нэўтральнасьці. Таксама, паводле МАК, падобныя заявы могуць паставіць спартоўцаў у складанае становішча, калі яны вернуцца ў Расею, дзе процідзеяньне вайне цяпер — патэнцыйна крымінальнае злачынства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўропы патрабуе забараніць беларускім і расейскім спартоўцам удзельнічаць у Алімпійскіх гульняхЛёндан меўся прыняць кваліфікацыйныя турніры на летнія Гульні-2024 па брэйк-дансе, скейтбордынгу, спартыўным скалалазаньні і веламотакросе. Які горад прыме турніры замест Лёндана, Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль не абвясьціў.
У МАК падкрэсьлілі, што іхная палітыка ў дачыненьні да беларускіх і расейскіх спартоўцаў палягае ў тым, што тыя павінны выступаць як нэўтральныя ўдзельнікі, ня мець сувязяў з узброенымі сіламі і не рабіць заяваў у падтрымку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МАК заявілі, што не запросяць Беларусь і Расею да ўдзелу ў Алімпіядзе 2024 году