Па стане на 19 ліпеня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычнымі вязьнямі 1485 чалавек. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.
Бацька палітзьняволенай журналісткі Ксеніі Луцкіной Алег Луцкін паведаміў, што ў сям’і зьбіраюць дакумэнты для яе памілаваньня.
«Мы спрабуем хоць нешта рабіць, бо дачка і так ужо нацярпелася за кратамі. Да таго ж у яе такая цяжкая хвароба, — сказаў „Народнай волі“ бацька Ксеніі Алег Луцкін. — Таму, як толькі зьявілася магчымасьць у калёніі напісаць прашэньне — адразу запусьцілі гэтую працэдуру».
«Калі зьбяру ўвесь пакет дакумэнтаў (я і маці будзем паручальнікамі Ксеніі), адпраўлю іх у калёнію. А там ужо сама дачка падасьць прашэньне», — дадаў Алег Луцкін.
Паводле яго слоў, «працэдура няпростая, магчыма, працяглы час давядзецца чакаць».
- Былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну асудзілі на 8 гадоў калёніі. За кратамі ў палітзьняволенай пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расьце пухліна ў галаўным мозгу.