Памежны кантроль на ўезьдзе з Расеі ў Беларусь раптоўна зьнялі

Мяжа Расеі і Беларусі. Архіўнае фота

Кантроль прыбралі на ўсіх трасах.

Пра гэта расказваюць удзельнікі чатаў, якія сочаць за сытуацыяй на гэтым участку мяжы. Зь іх слоў, яшчэ ў панядзелак даводзілася праходзіць кантроль у прапускных пунктах, але з вечара аўторка тых, хто ўяжджае ў Беларусь, ужо не правяралі, піша сайт «Зеркало».

Увечары 18 ліпеня ў чаце «Мяжа РФ — РБ» зьявіліся паведамленьні, што з боку Беларусі зьніклі памежныя пункты. Дакладны час, калі іх прыбралі, невядомы. Яны яшчэ былі 17 ліпеня.

Пра адсутнасьць кантролю гавораць і тыя, хто перасякаў расейска-беларускую мяжу па трасе М-1 каля вёскі Красная Горка і вёскі Рудня Смаленскай вобласьці Расеі.

На гарачай лініі Дзяржпагранкамітэту расказалі, што кантроль сапраўды зьнялі:

«Не магу вам сказаць, будзе ці ня будзе. На сёньня пакуль зьнялі. А заўтра, можа, паставяць».

Там дадалі, што далейшае разьвіцьцё сытуацыі залежыць ад распараджэньня ўраду.

На пачатку траўня Беларусь увяла памежны кантроль на ўсіх уездах з Расеі.

  • У ДПК тады казалі, што гэта часовая мера, зьвязаная з працэсам ратыфікацыі пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў з Расеяй. Ужо ў першыя дні на мяжы пачалі зьбірацца чэргі.
  • 5 траўня пачалі паступаць паведамленьні, што на мяжы з Расеяй зь беларускага боку ўсталёўваюць кантрольныя пункты, на гарачай лініі Дзяржаўнага памежнага камітэту пацьвердзілі, што такі кантроль будзе на ўсіх асноўных уездах з Расеі.
  • Празь некалькі дзён, 6 і 7 траўня, на ўезьдзе ў Беларусь з Расеі пачалі надглядаць і аўтамабілі.
  • Акрамя таго, на мяжы з Расеяй у Магілёўскай вобласьці перакапалі ці завалілі дрэвамі дробныя абʼязныя дарогі, якімі ў асноўным карысталіся мясцовыя жыхары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адгарадзіцца ад непрадказальнага саюзьніка. Навошта Лукашэнка ўводзіць кантроль на мяжы з Расеяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што важна ведаць пры пераходзе мяжы з Расеі ў Беларусь. Парады і засьцярогі ад кіраўніка BySol Андрэя Стрыжака