Тое, што грамадзянін ЗША перасек мяжу, пацьвердзіла камандаваньне ААН, пад кантролем якога знаходзіцца зона бясьпекі ў дэмілітарызаванай зоне паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй, паведамляе тэлеканал CBS.
Затрыманы — радавы Трэвіс Кінг. Ён служыў у Паўднёвай Карэі і за дысцыплінарныя спагнаньні да нядаўняга часу знаходзіўся ў сьледчым ізалятары. Каля тыдня таму яго вызвалілі і плянавалі вярнуць у ЗША.
Пасьля праходжаньня надгляду ў аэрапорце вайсковец нейкім чынам далучыўся да групы, якая накіроўвалася на экскурсію ў памежную з Паўночнай Карэяй дэмілітарызаваную зону.
Паводле аднаго зь відавочцаў, салдат уцякаў у бок КНДР, сьмеючыся. Удзельнікі групы спачатку падумалі, што гэта жарт, але потым стала зразумела, што амэрыканец ня вернецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У КНДР правялі шматтысячныя мітынгі супраць ЗША, у той час як жыхары краіны кажуць пра голадПэнтагон пацьвердзіў, што вайсковец перасек мяжу паміж Паўднёвай Карэяй і КНДР «наўмысна і без дазволу». Камандаваньне ААН заявіла, што працуе з паўночнакарэйскім войскам для ўрэгуляваньня інцыдэнту.
Абставіны здарэньня высьвятляюцца.
Паўднёвая Карэя і КНДР фармальна застаюцца ў стане вайны, паколькі баявыя дзеяньні ў Карэйскай вайне скончыліся ў 1953 годзе пагадненьнем аб замірэньні, а ня поўнай мірнай дамовай. З таго часу Злучаныя Штаты захоўваюць вялікую вайсковую прысутнасьць у Паўднёвай Карэі.