Андрэй Шарэнда сьцьвярджае, што ягоную жонку Паліну пабілі ў калёніі

Паліну Шарэнду-Панасюк у судзе. Берасьце, чэрвень 2021

Сваякі палітзьняволенай спасылаюцца на праваабаронцаў «Вясны».

Былы палітвязень Андрэй Шарэнда расказаў Свабодзе, што мае інфармацыю, што Паліну Шарэнду-Панасюк маглі пабіць сукамэрніцы яшчэ на пачатку чэрвеня.

«Нібыта яна пацярпела ад рук сукамэрніц. Магчыма, была правакацыя. Гэта адбылося яшчэ ў пачатку чэрвеня, перад этапам у Навінкі. Пра пабіцьцё праваабаронцам „Вясны“ паведаміла дзяўчына, якая перасякаліся зь ёй на „Валадарцы“, яшчэ да таго, як адтуль Паліну перавялі ў Навінкі. Паводле той дзяўчыны, праз гэтае пабіцьцё Паліна трапляла ў шпіталь. А гэтая інфармацыя якраз супадае з маімі ранейшымі зьвесткамі, што перад этапам Паліну зьмяшчалі ў шпіталь. Цяпер спрабую высьветліць падрабязнасьці», — кажа Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк адбывае пакараньне ў жаночай калёніі ў пасёлку Зарэчча, непадалёк ад Рэчыцы.

У 2021 годзе актывістку «Эўрапейскай Беларусі» асудзілі спачатку на 2 гады зьняволеньня за нібыта гвалтоўныя дзеяньні адносна міліцыянта і зьнявагу Лукашэнкі, а праз год да гэтага тэрміну ёй дадалі яшчэ 1 год нібыта за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі.

У чэрвені 2023 году Паліну Шарэнду-Панасюк, якая на той момант адмовілася ад беларускага грамадзянства, адправілі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Паводле сваякоў палітзьняволенай, ад экспэртызы яна адмовілася і была этапаваная (магчыма, у Гомельскае СІЗА).

«Дзе на гэты момант знаходзіцца Паліна, нам невядома», — кажа Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк — маці дваіх непаўналетніх дзяцей. Паводле апошніх зьвестак, у зьняволеньні Паліна схуднела прыблізна на 18 кіляграмаў, яна пакутуе ад шэрагу захворваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзежа на ёй вісіць, нібы з чужога пляча». Сукамэрніца палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк апісала яе цяперашні выгляд
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхіятрычная экспэртыза над Палінай Шарэндай-Панасюк не адбылася