Непагадзь 18 ліпеня пакінула 289 населеных пунктаў Беларусі без электрычнасьці

Лівень у Менску. Архіўнае фота

У большасьці зь іх па стане на 19 ліпеня аднаўленчыя работы завяршылі.

Непагадзь 18 ліпеня прывяла да перабояў у электразабесьпячэньні 289 населеных пунктаў Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энэргетыкі.

Над іх ліквідацыяй працавалі 129 аварыйных брыгад і 147 адзінак тэхнікі. Паводле інфармацыі міністэрства, большую частку аднаўленчых работ яны завяршылі да 23:00.

Наступствы непагадзі «былі найбольш адчувальныя» ў Менскай, Гомельскай, і Магілёўскай абласьцях, «больш за ўсё пацярпелі» Маладачанскі, Рэчыцкі і Магілёўскі раёны адпаведна.

«Моцныя ліўні са шквалістым ветрам прывялі да падзеньня дрэў на лініі электраперадачы, іх абрыву, месцамі павалены апоры ЛЭП», — апісвае наступствы непагадзі Мінэнэрга.

Ведамства падкрэсьліла, што «энэргазабесьпячальныя арганізацыі вядуць пастаянны маніторынг мэтэаралягічнай абстаноўкі». «Мабілізаваны неабходныя сілы і сродкі для апэратыўнай ліквідацыі тэхналягічных парушэньняў у выпадку іх узьнікненьня», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні і Высокім у нядзелю тэмпэратура паветра паставіла новыя рэкорды