Беларускі гісторык напісаў кнігу пра Менскі турэмны замак, дзе цяпер знаходзіцца СІЗА № 1 

СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, Беларусь. Архіўнае фота

У выданьні апублікаваныя архіўныя матэрыялы, якія гісторык Зьміцер Дрозд зьбіраў цягам 3 гадоў.

Усе яны публікуюцца ўпершыню, паведамляе «Народная воля».

«Працу над кнігай я пачаў у канцы 2011 году, і актыўна зьбіраў інфармацыю каля трох гадоў, — кажа Зьміцер Дрозд, беларускі гісторык і архівіст пра сваю новую кнігу „Менскі турэмны замак“. — У асноўным працаваў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і архіве Менскай вобласьці. Кніга задуманая як першая з сэрыі кніг, прысьвечаных 200-годзьдзю турмы. Хаця наступныя кнігі пад пытаньнем, таму што ў Беларусі практычна не засталося прыватных выдавецтваў».

Зьміцер Дрозд. Архіўнае фота

Як адзначыў аўтар, ягоная кніга — першая частка першага прафэсійнага дасьледаваньня 200-гадовай гісторыі Менскага турэмнага замка (сёньня ў гэтым будынку — СІЗА № 1, або «Валадарка»).

«У сьнежні 1821 году Рудольф Пішчала (у гонар яго захавалася назва „Пішчалаўскі замак“) выйграў публічны тэндэр на гэты каменны будынак. Турма была прынятая камісіяй 30 студзеня (паводле новага стылю — 11 лютага) 1825 году, і ад гэтага дня мы можам адлічваць гісторыю гэтай унікальнай для Менску пабудовы. Перад вамі кніга, якая ўводзіць у навуковае абарачэньне новыя дакумэнты і разбурае старыя міты. У тым ліку і той, што „Пішчалаўскі замак“ — адна з самых надзейных турмаў сьвету, зь якой нікому не ўдалося ўцячы», — расказаў Зьміцер Дрозд.

Наклад кнігі— 99 экзэмпляраў, яе выдалі за сродкі аўтара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перакладалі на беларускую мову турэмны жаргон». Сукамэрнік расказаў пра палітвязьня, экс-дырэктара БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паставілі ў чаргу на МРТ мозгу, але яшчэ паўгода чакаць. Ці дажыву, ня ведаю». Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча