Двухкілямэтровая калёна тэхнікі прыехала ў лягер у вёсцы Цэль. Спадарожнікавы здымак

Раней мы паведамлялі, што на гэтых выходных у лягеры ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну была прыкметная актыўнасьць. Туды пачала зьяжджацца аўтамабільная тэхніка. Былі заўважаныя грузавыя і легкавыя машыны, фуры, аўтобусы. Вонкава яны падобныя да тых, што выкарыстоўваюць найміты групы «Вагнэр».

Сёньняшні спадарожнікавы здымак ад кампаніі Planet Labs, зроблены раніцай у 11.12 па менскім часе, паказаў яшчэ адну буйную калёну, пэўна, што байцоў «Вагнэра», якая прыбыла ў вайсковую частку ў вёсцы Цэль, дзе стаіць намётавы лягер.

Вялікая калёна аўтамабільнай тэхнікі, якая заяжджае на тэрыторыю вайсковай часткі ў вёсцы Цэль, дзе стаіць намётавы лягер. 17 ліпеня 2023

На здымку відаць калёна аўтамабільнай тэхнікі, якая расьцягнулася амаль на 2 кілямэтры ад зьезду з аўтадарогі М5 Гомель — Менск. У ёй відаць грузавыя машыны, аўтобусы, легкавыя машыны, машыны тыпу «буханка», грузавыя «Газэлі».

Затор з аўтамабільнай тэхнікі на ўезьдзе ў палявы лягер каля вёскі Цэль. 17 ліпеня 2023


Сёньня ў тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга» зьявілася відэа з аўтамабільнай калёнай, якая рухаецца ў бок Менску па трасе M5 Гомель — Менск. Амаль на ўсіх транспартных сродках прысутнічае сымболіка «Вагнэра» і расейскія трыкалёры. Напэўна, гэта менавіта тая калёна, якая прыбыла ў вайсковы гарадок у Цэлі.

Свабода змагла вэрыфікаваць відэа. Падобна, што яно было зьнята на аб’язной дарозе вакол Баранавіч у бок Менску. Відаць, як калёна перасякае мост церазь Бярэзіну. На дарозе ёсьць надпісы «M5» і «E271». Калёна перасякае разьвязку з дарогай на Клічаў. Дзень, калі зроблена відэа, дакладна вызначыць немагчыма, але надвор’е было падобнае да таго, якое сёньня ў тым раёне. Па сонцы відаць, што гэта раніца ці дзень.

У суботу 15 ліпеня ўвечары расейскі вайсковы карэспандэнт Аляксандар Коц апублікаваў відэа. На ім, як сьцьвярджае Коц, відаць калёна грузавікоў і вайсковых машын на шашы на поўдні Расеі, большасьць зь іх пад сьцягам «Вагнэра». Свабода тады, як і цяпер, не змагла незалежна праверыць месца або дату здымкі відэа, але калёна падобная да той, што рухалася сёньня па беларускай трасе.

Скрыншоты зь відэа калёны «Вагнэра» на поўдні Расеі.

Пра той факт, што невялікая колькасьць байцоў «Вагнэра» прыбыла ў Беларусь, 15 ліпеня заявіла таксама Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі. Паведамленьне пра пачатак навучаньня беларускіх падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнэра» зьявіліся ад Мінабароны Беларусі. 16 ліпеня калёну з машынамі, падобнымі да тых, якія відаць на спадарожнікавым здымку, паказала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Яны ж сьцьвярджаюць, што сёньня ў гэты лягер прыбыла ўжо трэцяя калёна з вайскоўцамі. Магчыма, гэта менавіта яна, бо кірунак руху супадае з заяўленым.