«Беларусь спрабуюць зьнішчыць і растаптаць», — жонка Бяляцкага Натальля Пінчук адкрыла прамовай прэстыжны фэстываль у Нямеччыне

Натальля Пінчук выступае на Фэстывалі Гэрэнхімзээ. Мюнхен, 16 ліпеня 2023

Фэстываль Гэрэнхімзээ, традыцыя якога налічвае 20 гадоў, зьбірае нямецкую і эўрапейскую творчую і палітычную эліту. Гэта фэстываль клясычнай музыкі ў гістарычным палацы каралёў Баварыі на возеры Хімзээ, дзе калісьці стваралася Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччыны.

Апякун фэстывалю — галава каралеўскага дому Франц герцаг Баварскі; мастацкі дырэктар — знакаміты амэрыканскі дырыгент Кент Нагана. Знакавыя словы сёлетняга фэстывалю трывожныя — «Сусьветны рокат».

Паводле канцэпцыі маэстра Нагана, канцэрты складаюцца ў эўрапейскую культурную і палітычную пэрспэктыву, ідэя музычнага выказваньня зьвязаная з каштоўнасьцямі свабоды і дэмакратыі. І таму фэстываль адкрывае праграмная прамова эўрапейскага сьпікера высокага ўзроўню.

Такой прамоўцай сёлета стала Натальля Пінчук, жонка зьняволенага Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. Яе запрасіла Дзяржаўная канцылярыя Баварыі пры спрыяньні Аб’яднаньня беларусаў у Нямеччыне Razam. У паўгадзіннай прамове яна расказала высокім гасьцям пра Беларусь і беларускі народ, яго месца ў Эўропе і прагу да свабоды:

«„Inter arma silent Musae“, калі гаворыць зброя, маўчаць Музы — гэта перафразаваны выраз Цыцэрона, сам ён казаў пра законы.

Але на нашым кантынэнце зноў разьвязаная крывавая вайна, бачная і нябачная, і менавіта таму і міжнароднае права мусіць узвысіць свой голас, і музы павінны не маўчаць, а заклікаць памятаць, дзеля чаго мае жыць чалавек.

А вайна грыміць зусім недалёка. Упэўнена, што ўсе прысутныя тут душой адчуваюць, як важна спыніць агрэсію Расеі супраць свабодалюбнай Украіны і ўвогуле спыніць ненажэрныя дыктатуры. Іначай такія сьвяты стануць немагчымымі», — заявіла Пінчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусь вярнуліся часы сталінскіх рэпрэсій». Жонка Бяляцкага выступіла на канфэрэнцыі GLOBSEC

«Мой зьняволены муж Алесь Бяляцкі — праваабаронца, але як навуковец ён літаратуразнаўца. А я гісторык культуры. У мірны час мы б тут паразважалі пра культурную лучнасьць. Скажам, пра тое, што ў творчасьці Людвіга ван Бэтховэна былі беларускія народныя матывы. Іх мы, беларусы, выразна чуем у 9-й сымфоніі Бэтховэна. Адкуль яны? Ноты кампазытар атрымаў у падарунак ад расейскага амбасадара пад назвай „Песни Северо-Западного края“. Так, „Паўночна-Заходнім краем“ называлася Беларусь у XIX стагодзьдзі пад акупацыяй Расейскай імпэрыі, каб і намёку не было на тое, што гэта асобная краіна і адметны народ.

А сёньня ад імя Беларусі спрабуе выступаць прарасейскі дыктатар Аляксандар Лукашэнка, які безальтэрнатыўна пануе ўжо 29 гадоў. Гэта ён дае згоду на расейскую ядзерную зброю ў Беларусі і гэта ён фармальна запрашае расейскіх вайскоўцаў. Ён нясе адказнасьць за тое, што зь беларускай тэрыторыі ляцелі расейскія бамбавікі і ракеты, якія зьнішчалі мірныя ўкраінскія гарады.

Але ёсьць іншая Беларусь — свабодная, адкрытая, якая робіць эўрапейскі выбар. Той народ, які зьдзівіў сьвет у 2020 годзе, калі мільёны беларусаў прынялі ўдзел у мірных пратэстах супраць нахабна сфальсыфікаваных выбараў.

Сёньня гэтую свабодную Беларусь спрабуюць зьнішчыць і растаптаць», — сказала жонка палітзьняволенага Бяляцкага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Бяляцкага выступіла ў Эўрапарлямэнце на дыскусіі пра беларускіх палітвязьняў


Натальля Пінчук расказала высокім гаспадарам і гасьцям фэстывалю гісторыі Паліны Шарэнды-Панасюк і віцебскай сям‘і зьняволеных Тацяны Пыцько і Вячаслава Лазарава, у якіх адбіраюць дзіця; Ігара і Дар’і Лосікаў; Сяргея Ціханоўскага і Марыі Калесьнікавай, Віктара Бабарыкі, Рыгора Кастусёва, Вацлава Арэшкі, Міколы Статкевіча...

На яе думку, давядзеньне да сьмерці Алеся Пушкіна і рэпрэсіі супраць творцаў — прыкметы этнацыду, які чыніць Лукашэнка ва ўгоду пуцінскаму рэжыму.

Абарона беларускай ідэнтычнасьці, беларускай мовы, беларускай культуры — гэта і абарона аднаго з базавых правоў чалавека, і інструмэнт абароны ад расейскай экспансіі, сказала прамоўца.

«Суд над Алесем і ягонымі паплечнікамі быў звычайным для дыктатуры фарсам. Але была яшчэ адна асаблівасьць. Алесь папрасіў весьці паседжаньне па-беларуску, на што мае законнае права. І суд яму адмовіў. Гэта і грубае парушэньне правоў чалавека, але гэта і маркер. Памецілі тэрыторыю: Беларусь пад уладай Лукашэнкі — частка „русского мира“.

Я перакананая, што і Алесь Бяляцкі, і ягоныя аднадумцы вытрываюць, калі будзе міжнародная салідарнасьць і ціск на рэжым. І я ведаю, што Алесь ні пра што не шкадуе. Яго галоўныя словы — „Дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе“», — завяршыла выступ Натальля Пінчук.

Пасьля прамовы да Натальлі Пінчук падыходзілі многія ўдзельнікі з словамі падзякі і падтрыманьня, а маэстра Кент Нагана, зь яе словаў, сказаў, што ў кожнай ноце аркестру, якім ён кіруе, гучыць салідарнасьць з Алесем Бяляцкім і беларусамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Піша аптымістычныя лісты», «чысьціць драты на шкоднай вытворчасьці». Што вядома пра вясноўцаў за кратамі