Паміж прадаўцамі манашкамі і музыкамі ў Віцебску, дзе праходзіць «Славянскі базар», выбухнуў канфлікт. Дайшло да рукапрыкладзтва.
У Віцебску частка мерапрыемстваў «Славянскага базару» адбываецца ў вулічным фармаце. Шоў бубначоў праходзіла каля палатак Сьвята-Елісавецінскага манастыра, на пляцоўцы каля храма Ўваскрэсеньня Хрыстовага, дзе манашкі гандлявалі сувэнірамі. Гэта, праўдападобна, і выклікала незадавальненьне ў сясьцёр.
Уяўленьне пра канфлікт даюць апублікаваныя ў цік-току ролікі, на якія зьвярнуў увагу тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія». На іх відаць, як манашкі лямантуюць, штурхаюцца, а адна нават адвесіла ўдзельніку шоў поўху. Разьюшаную манашку ўтаймавалі, артысты пакінулі пляцоўку.
- Сьвята-Елісавецінскі манастыр вядомы тым, што неаднаразова арганізоўваў мерапрыемствы ў падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. На 9 траўня там правялі «хрэсны ход» з расейскім сьцягам зь літарай «Z». Вернікам прапануюць падтрымліваць расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне: высылаць ім цёплыя рэчы, пералічваць грошы, пісаць лісты. Кляштар мае шчыльныя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам. 7 студзеня сёлета ён дзякаваў кляштару за збор дапамогі расейскім вайскоўцам ва Ўкраіне.
- Сьвята-Елісавецінскі манастыр знаходзіцца ў падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату РПЦ.