У суботу 15 ліпеня ў Менску, у храме душпастырскага цэнтру сьвятога Язэпа, у прысутнасьці сьвятароў і вернікаў Грэка-каталіцкай Царквы адбылося абвяшчэньне апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі, інфармуе Сatholic.by.
У прысутнасьці апостальскага нунцыя ў Беларусі архібіскупа Антэ Ёзіча быў прачытаны дэкрэт Дыкастэрыі ўсходніх цэркваў ад 30 сакавіка 2023 году, у якім абвяшчаецца пра заснаваньне пастановай Папы Рымскага Францішка апостальскай адміністратуры для вернікаў каталіцкай царквы ўсходняга абраду і прызначэньне архімандрыта Сяргея Гаека апостальскім адміністратарам гэтай апостальскай адміністратуры.
Згодна з патрабаваньнямі канонаў 189 § 1, 2 і 313 Кодэксу канонаў усходніх цэркваў апостальскі адміністратар архімандрыт Сяргей Гаек кананічна заняў пасаду ардынарыя апостальскай адміністратуры.
Новы ардынарый атрымаў з рук апостальскага нунцыя архібіскупа Антэ Ёзіча крыж, пярсьцёнак і жазло.
У супольнай малітве з гэтай нагоды ўзялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі, у тым ліку старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Юзаф Станеўскі і іншыя прадстаўнікі рыма-каталіцкага эпіскапату, а таксама грэка-каталіцкае духавенства і вернікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі заснаваў Апостальскую адміністратуру для беларускіх уніятаўУ чым значэньне гэтай падзеі?
Каталіцкая супольнасьць бізантыйскага абраду ў Беларусі — спадчыньніца Берасьцейскай уніі 1596 году, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Сьвятога Пасаду. У 1798 годзе была створана Менская (русінская) эпархія, дзейнасьць якой у 1839 годзе была паралізаваная, але структура ніколі не ліквідоўвалася. Annuario Pontificio згадвае яе да 1924 году.
У 1939 годзе мітрапаліт Львоўскі, архібіскуп Андрэй Шаптыцкі заснаваў Беларускі экзархат. У 1941 годзе Пій ХІІ зацьвердзіў Шаптыцкага ў якасьці апостальскага адміністратара экзархату. З 1943 году пасада заставалася вакантнай.
У 1988 годзе грэка-каталіцкія вернікі ў Беларусі пачалі грамадзянскую рэгістрацыю сваіх парафій. З 1993 году яны былі даручаныя пастырскай апецы архімандрыта Сяргея Гаека, які выступаў як апостальскі візытатар ad nutum Sanctae Sedis.
З таго часу беларускія ўніяты беспасьпяхова дамагаліся ад Ватыкану кананічнага прызнаньня сваёй царквы. Нягледзячы на тое, што яны называлі сябе Беларускай грэка-каталіцкай царквой, Ватыкан іх кананічнага статусу як асобнай царквы не прызнаваў. Не былі яны прызнаныя царквой і ў Беларусі — паводле юрыдычнага статусу ўсе парафіі лічыліся асобнымі рэлігійнымі арганізацыямі і не былі аб'яднаныя ў агульнанацыянальную рэлігійную структуру.
Цяпер гэта зьмянілася. Паводле каталіцкага кананічнага права кожны каталіцкі біскуп зьяўляецца апостальскім адміністратарам сваёй эпархіі і ардынарыем, што азначае яго найвышэйшую духоўную ўладу на тэрыторыі, якую ён адмініструе. Паколькі новая апостальская адміністратура не зьяўляецца эпархіяй і ахоплівае ўсю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, яна можа быць прыраўнаная да экзархату, а апостальскі адміністратар — да экзарха.
Як кажуць самі вернікі, папа Францішак фактычна аднавіў уніяцкую царкву ў Беларусі.
У новай апостальскай адміністратуры для вернікаў бізантыйскага абраду ў Беларусі на сёньня налічваецца:
- каля 5 тысяч вернікаў;
- дзейнічае 16 парафій;
- душпастырства вядуць 16 сьвятароў і 3 дыяканы;
- ёсьць 4 сэмінарысты.