У інтэрвію «Зеркалу» прадстаўнік камісіі па вяртаньні, праўладны дзяяч Юры Васкрасенскі расказаў, як працуе мэханізм вяртаньня тых, хто «пакаяўся», і ці могуць разьлічваць на вызваленьне беларускія палітвязьні.
Як патлумачыў Васкрасенскі, па выніках разгляду заявы камісія па вяртаньні выдае заключэньне, зь якім можна прыехаць у Беларусь. Паводле Васкрасенскага, заключэньне «не абароніць ад магчымых наступстваў супрацьпраўных парушэньняў», але, зыходзячы з практыкі, усе органы ўлады «разглядаюць яго як своеасаблівую індульгенцыю».
Праўда, калі супраць беларуса завялі крымінальную справу, вынікае, што поўную «індульгенцыю» ён не атрымае: паводле Васкрасенскага, у выпадку крымінальнай справы, калі чалавек прызнае сваю віну і садзейнічае сьледзтву, ён, «як правіла, атрымлівае 50% ад максымальнага тэрміну», але «ўсё залежыць ад артыкулу».
«Прычым яго адразу накіруюць у калёнію, а калёнія (калі звычайны рэжым) — не скажу, што санаторый, але самы палегчаны цяжар нясеньня пакараньня. Такі закрыты санаторый. Можа быць, строгага тыпу. Нічога тамака супер страшнага няма», — сьцьвярджае Васкрасенскі.
Ён адзначыў, што пакуль такіх выпадкаў, каб чалавек прыехаў і трапіў за краты, «у практыцы камісіі не было».
Як падкрэсьліў Васкрасенскі, пра тое, каб ня несьці пакараньне ўвогуле, гаворка не ідзе. Але калі б Захад «прапанаваў узамен варыянты паслабленьня санкцыяў, нармалізацыі адносінаў», тады б, на думку Васкрасенскага, «пытаньне зьняцьця з усіх пакараньняў можна было, прынамсі, абгаварыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму не вяртаюцца «зьбеглыя»? Улады разьлічваюць зусім не на вяртаньне палітэмігрантаўКамісія па вяртаньні пачала працу ў лютым 2023 году. 6 сакавіка Генпракуратура запусьціла адмысловы сайт, празь які можна зьвярнуцца ў гэтую камісію. Палітуцекачы павінны самі растлумачыць, чаму асьцерагаюцца вярнуцца. Таксама ад іх чакаюць, што яны пакаюцца, прынясуць публічныя прабачэньні і кампэнсуюць «прычыненую шкоду».
Пра вызваленьне палітвязьняў і «дыялёг з Эўразьвязам»
Што да палітвязьняў, Васкрасенскі лічыць, што іх вызваленьне ў будучым таксама магчымае толькі ў выпадку «дыялёгу з Захадам» і паслабленьня заходніх санкцыяў.
Таксама, паводле Васкрасенскага, калі б прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда прыехаў у Беларусь і «праявіў належную павагу» да Аляксандра Лукашэнкі, «не было б міграцыйнага крызісу» на польска-беларускай мяжы і іншых «пытаньняў у польска-беларускіх узаемаадносінах».
«Я ўпэўнены: калі б сюды прыехаў Дуда ці Маравецкі (прэм’ер-міністар Польшчы — рэд.), усе пытаньні, увогуле ўсе пытаньні ў беларуска-польскіх адносінах былі б зьнятыя. Ад мяжы, пунктаў пропуску і заканчваючы гэтым грамадзянінам Польшчы Пачобутам», — заявіў Васкрасенскі.
На пытаньне, якія гарантыі можа даць рэжым Лукашэнкі ў выпадку, калі Захад сапраўды пойдзе на кантакт, Васкрасенскі заявіў, што «ўсе, хто сутыкаўся з Лукашэнкам, ведаюць, што для яго слова — закон». Адначасова ён адзначыў, што «тых, хто будзе разгойдваць лодку, будуць працягваць затрымліваць», і чамусьці патлумачыў гэта тым, што Беларусі трэба «любой цаной не дапусьціць уцягваньня краіны ў вайну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор: За два месяцы камісія па вяртаньні атрымала 56 заяваў- 9 лютага 2023 году аднаго зь лідэраў польскай меншасьці ў Беларусі, журналіста Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў калёніі. У красавіку Юры Васкрасенскі ў інтэрвію БТ расказаў, як нібыта па ініцыятыве польскіх дыпляматаў прыкладна 1,5 года таму арганізоўваў сустрэчу ў СК з палітвязьнем Анджэем Пачобутам, з удзелам польскага амбасадара. Паводле яго, мэтай сустрэчы была «нармалізацыя адносінаў, спыненьне эскаляцыі», але Пачобут падчас сустрэчы быў жорсткім з Васкрасенскім.
- Польшча не пакідае спробаў вызваліць Анджэя Пачобута. Раней міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі заявіў, што «калі Анджэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты праход у Баброўніках».
- 10 лютага Польшча на няпэўны тэрмін заблякавала адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску, Баброўнікі, што значна пагоршыла ўмовы транзыту велікагрузных аўтамабіляў. Ад 1 чэрвеня Польшча цалкам забараніла ўезд на сваю тэрыторыю фураў зь беларускімі і расейскімі нумарамі.
- Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін паміж Беларусьсю і Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны ЭЗ. Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі. Самы папулярны кірунак, як сьведчыць статыстыка, — польскі. Ад пачатку 2023 году зафіксавана 21 128 спробаў незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі, зь іх у Польшчу — 15 128 выпадкаў.